КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),

1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).

2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).

3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш. Гл. таксама Калектарная машына.

4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).

5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.

6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл. Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.

7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),

інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб. пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс. чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс. т, сталі 1220 тыс. т, гатовага пракату 1072 тыс. т, стальных труб 30,7 тыс. т (13 314 тыс. м), металакорду 40,4 тыс. т.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.

Літ.:

Добрынина Е. А.​Пахмутова. М., 1973;

А.​Пахмугова. М., 1979;

Квасникова Л.А. Дорогами песен А.​Пахмутовой. М., 1979.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́ган, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выганяць — выгнаць (у 1 знач.).

2. Месца каля вёскі, дзе пасецца жывёла, птушка. Тамаш перавёў позірк на выган, там Лукаш пасвіў кароў, якія разбрыліся па пашы. Гурскі. // Палоса зямлі для прагону жывёлы на пашу. Гнаць каровы на папас праз выган. □ Зялёным выганам-дарогай Пад берасцяны гул трубы Пляцецца статак крутарогіх. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зляжа́цца і зле́жацца, злежыцца; зак.

Тое, што і злегчыся (у 1 знач.). — У гэтым месцы, дзе нам трубы ўкладваць, дно з вапны. І яна так зляжалася там, спрасавалася з ракавінкамі, чаротам, што ні ўкусіць, ні адрэзаць. Чыгрынаў. Паперы зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка. На страсе зверху тлела салома — не магла адразу заняцца агнём: злежалася. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвярдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цвёрдым, больш цвёрдым (у 2–7 знач.). З поўначы цягнула сухім холадам, зямля прыкметна пачала цвярдзець. Хомчанка.

2. перан. Станавіцца непахісным, мужным, вынослівым. Мы помнім, як трубы трубілі трывогу, як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень. Броўка. Звычайна пасіўная, нават кволая, .. [маці] непахісна цвярдзела, калі што датычылася дзяцей або яе асабіста. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВО́ЙНЫ-ГРЫЧЫ́НАВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»). Паходзяць ад Войны (упамінаецца ў 1528), аднаго з баяр Грычынавічаў з маёнтка Парэчча ў Пінскім пав. Найб. вядомыя: Мацей, сын Войны, рэферэндар і пісар ВКЛ, падкаморы пінскі з 1566. Лаўрын (Ваўжынец; ? — 23.10.1580), сын Мацея. Староста пінскі (1574—80), гарадзенскі, кобрынскі, падскарбі надворны ВКЛ (1569), падскарбі земскі (1576). Сямён (?—1599), сын Мацея. Маршалак гаспадарскі (1584), кашталян мсціслаўскі (1588). Грыгорый (?—1603), сын Мацея, кашталян брэсцкі (1593). Сокал (?—1610), сын Мацея. Кашталян мсціслаўскі (1599), брэсцкі (1603). Габрыэль (?—1.1.1615), сын Мацея. Пісар ВКЛ (1585), падканцлер ВКЛ (1589). Прымаў удзел у ваенных паходах Стафана Баторыя, быў паслом Жыгімонта III Вазы ў Маскву. Бенядзікт (?—1615), сын Мацея. Сакратар вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя, біскуп віленскі (1600). Мацей (?—1607?), сын Лаўрына. Пісар ВКЛ (1589), падскарбі надворны ВКЛ (1605). Абрагам (1569—1649), сын Сямёна. Біскуп метонскі, жмудскі (1627) і віленскі (1630).

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Валерый Кірылавіч) (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.​Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л. для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» для арк. нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТАВАЯ ЗВА́РКА,

зварка, пры якой дэталі злучаюць награваннем месца кантакту эл. токам і адначасовым сцісканнем (асаджваннем); адзін з найб. прадукцыйных спосабаў зваркі. Бывае кропкавая, стыкавая, шыўная (ролікавая) і рэльефная; зварка аплаўленнем (месца злучэння награваюць да аплаўлення), супраціўленнем (да пластычнага стану) і кандэнсатарная (з выкарыстаннем імпульсаў ад батарэі кандэнсатараў).

Найб. пашырана кропкавая К.з., пры якой асобнымі кропкамі-кружкамі злучаюць ліставыя канструкцыі ў нахлёст. Пры стыкавой зварцы дэталі злучаюць па ўсёй плошчы сутыкнення (дрот, арматура, трубы, рэйкі і інш.). Пры шыўнай К.з. (робяць ролікамі-электродамі) кожная зварная кропка перакрывае папярэднюю і ўтварае зварное шво; пры рэльефнай месца зварных кропак вызначаецца загадзя створанымі выступамі. Для К.з. выкарыстоўваюць машыны (устаноўкі) з канструктыўна аб’яднанымі зварачным трансфарматарам (пераўтваральнікам) і мех. прыстасаваннем для сціскання дэталей.

Схемы кантактавай зваркі: а — стыкавой; б — кропкавай; в — шыўнай (ролікавай); 1 — дэталі, якія зварваюцца; 2 — электроды; 3 — зварачны трансфарматар; P — сіла, што сціскае дэталі.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)