САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),

востраў у Міжземным м. на З ад Апенінскага п-ва, у складзе Італіі. Аддзелены ад в-ва Корсіка прал. Баніфача. Уключае 4 правінцыі: Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Берагі расчлянёны слаба. У рэльефе пераважаюць плато з асобнымі выш. 1000—1200 м і плоскія ўступы, якія стромка абрываюцца да мора. Найб. выш. да 1834 м (г. Ла-Мармара). Горы складзены ў асн. з гранітаў і крышт. сланцаў, на З і ПнЗ — лававыя і туфавыя плато. З ПнЗ на ПдУ цягнецца тэктанічная ўпадзіна Кампідана. Карысныя выкапні: кам. вугаль, поліметал. і жал. руды, баксіты, магнезіт, барыт, каалін. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 7—10 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм на раўнінах да 1000 мм за год у гарах. Значныя рэкі: Тырса, Флумендоса, Ману. Пераважаюць зараснікі — маквіс, фрыгана; у гарах — коркавы дуб. Гал. горад і порт — Кальяры.

З 7 ст. да н.э. С. каланізавалі фінікійцы і грэкі. З 535 да н.э. востравам валодаў Карфаген, з 238 да н.э. — Рым Стараж., у 5 ст. н.э. — вандалы, у 6—7 ст. — візантыйцы і готы, з 8 ст. — арабы. У 11 ст. арабы выгнаны з С. аб’яднанымі сіламі Пізанскай і Генуэзскай рэспублік, якія потым працяглы час сапернічалі паміж сабой за ўплыў на востраве. З 1326 С. пад уладай каралеўства Арагон, з 1479 — аб’яднанага Іспанскага каралеўства.

У 1708 у час вайны за іспанскую спадчыну С. перайшла да Аўстрыі, што замацаваў Раштацкі мір 1714, паводле Лонданскага дагавора 1720 — да Савойскай дынастыі і стала часткай Сардзінскага каралеўства. У 1793 жыхары С. сарвалі спробу франц. войск захапіць востраў. У 1799—1814, калі П’емонт (асн. ч. каралеўства) быў акупіраваны Францыяй, на востраве знаходзіліся сардзінскія каралі. З 1861 у складзе аб’яднанай Італіі.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІХАТЭ́-АЛІ́НЬ,

горная сістэма на ПдУ Расіі ў Прыморскім і Хабараўскім краях, паміж Японскім м. і далінамі р. Усуры і ніжняга Амура. Даўж. 1200 км, шыр. да 250 км, сярэдняя выш. 800—1000 м, найвыш. пункт г. Тардокі-Яні (2077 м). Складаецца з хрыбтоў, выцягнутых з ПнУ на ПдЗ і падзеленых глыбокімі далінамі. Пераважае сярэднеўзгорысты рэльеф. Паўн. ч. — высокае плато, складзенае гал. ч. з базальтаў. На У абрываецца да мора, утвараючы сярэднягорныя хрыбты са стромкімі схіламі. Асобныя невял. базальтавыя плато характэрны і для паўд. ч. гор. Цэнтр. ч. складаецца з найб. высокіх горных хрыбтоў паўн.-ўсх. распасцірання. На З паката паніжаецца да даліны р. Усуры; характэрны вузкія падоўжаныя даліны і катлавіны, якія аддзяляюць перадавыя хрыбты (выш. 900—1300 м): Сіні, Усх. Сіні, Халодны і інш. Вышэй за 900—1700 м — гальцы. Рэшткі стараж. зледзянення. Восевая ч. складаецца з ніжнепалеазойскіх метамарфічных сланцаў і кварцытаў, перарваных інтрузіямі гранітаў, усх. і зах. — з мезазойскіх адкладаў (пясчанікі, кангламераты, алеўрыты). Пашыраны (асабліва на Пн) андэзіта-базальтавыя пароды палеагенавага ўзросту. Сейсмічны, землетрасенні да 6—7 балаў. З інтрузіямі звязана арудзяненне (волава, золата, поліметалы, вальфрамавыя руды). У тэктанічных упадзінах паклады бурага і каменнага вуглёў. Клімат мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -12 да -26 °C; ліп. 15—21 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. З зах. схілу вытокі р. Усуры і яе прытокаў Вял. Усурка, Бікін, Хор, прытокаў Амура — Анюй, Гур; з усх. — малыя горныя рэкі, што ўпадаюць у Татарскі праліў. Схілы гор укрыты лясамі, на Пн хвойнымі (аянская елка, белакорая піхта, даурская лістоўніца), на Пд і ў цэнтр. ч. (да. выш. 500 м) — хвойна-шыракалістымі (мангольскі дуб, ліпа, клён, маньчжурскі арэх, карэйскі кедр). На найб. высокіх вяршынях — горная тундра. Сіхатэ-Алінскі запаведнік і Лазоўскі запаведнік.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).

П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст. асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.

У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.

На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн. т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс. т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн. т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн. м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн. т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.

А.​А.​Пінчук.

Здабыча паліва па відах на Беларусі
Нафта (уключаючы газавы кандэнсат), млн. т Газ натуральны, млн. м³ Паліўны торф (умоўнай вільготнасці), млн. т
1980 2,6 320 4,9
1985 2,0 224 4,8
1990 2,1 297 3,4
1995 1,9 266 3,1
1998 1,8 252 2,0

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́СЫ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

колькасць мінеральнай сыравіны ў нетрах Зямлі ці на яе паверхні, вызначаная геал. разведкай або ў працэсе распрацоўкі радовішчаў. Па кожнаму віду карысных выкапняў падлічваюцца асобна для радовішчаў, рудных палёў, раёнаў, басейнаў, краін, кантынентаў і Зямлі. На комплексных радовішчах падлічваюць запасы асноўнага карыснага выкапня і таго, які залягае разам з ім, а таксама спадарожныя кампаненты, прамысл. выкарыстанне якіх мэтазгодна. Вымяраюць у адзінках аб’ёму ці масы, падзяляюць на балансавыя, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная, і пазабалансавыя. Паводле ступені вывучанасці З.к.в. адрозніваюць разведаныя, якія служаць асновай праектавання і буд-ва гарнарудных прадпрыемстваў; папярэдне ацэненыя, якія з’яўляюцца рэзервам радовішча, і прагнозныя (геалагічныя), якія паказваюць перспектывы выяўлення прамысл. запасаў і вызначаюць мэтазгоднасць арганізацыі геолагаразведачных і пошукавых работ.

На Беларусі (на 1.1.1996) выяўлена і разведана каля 5 тыс. радовішчаў мінер. сыравіны, якія змяшчаюць каля 30 розных відаў карысных выкапняў. Магчымыя для здабычы запасы нафты вызначаны ў 338,3 млн. т; прагнозныя запасы бурага вугалю ўсіх геал. узростаў (неагенавы, юрскі, каменнавугальны) — 1350,8 млн. т; запасы торфу — 5,7 млрд. т; з іх даступныя для распрацоўкі — 558 млн. т; прагнозныя запасы гаручых сланцаў — 11 млрд. т; запасы калійных солей — больш за 6,4 млрд. т; кухоннай солі — каля 22 млрд. т; сапрапеляў — больш за 3 млрд. т; даламітаў — 768 млн. т (па Рубаўскім радовішчы даламітаў). Агульныя прамысл. запасы сыравіны для вытв-сці цэменту (мел, даламіт) складаюць 940,9 млн. т; вапны (мел) — 136,9 млн. т, буд. і абліцовачнага каменю — 588,1 млн. м³, кварцавых шкловых пяскоў — 15,2 млн. т, буд. і сілікатных пяскоў — 434,6 млн. м³, фармовачных пяскоў — 43 млн. т, пясчана-жвіровых матэрыялаў — 688,2 млн. м³, глін для вырабу цэглы — 251,6 млн. м³, тугаплаўкіх глін — 53,2 млн. м³, гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту і керамзіту — 81,3 млн. м³. Прагнозныя запасы жал. руд Аколаўскага радовішча ацэньваюцца па ўдакладненых звестках у 500 млн. т, Навасёлкаўскага — 76,3 млн. т. Па стану на 1.1.1993 запасы фасфарытаў Сожскага басейна складаюць 30 млн. т, Прыпяцкага басейна — 52,9 млн. т. Прагнозныя запасы гіпсу складаюць 1026,9 млн. т, кааліну — 26,9 млн. т, пірафіліту — 4500 млн. м³, цэалітазмяшчальных трэпелаў — 214,4 млн. т (радовішчы Дружба і Стальное). Запасы глаўканітавых пяскоў у раёне г. Лоеў ацэньваюцца ў 15—18 млн. т.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,

геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.

Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.

На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,

на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл. Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш. Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-ра студз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.

А.​М.​Матузка.

На схілах Крымскіх гор.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),

першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.​Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн. г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.

Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд. — Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.

У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.

На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.

Літ.:

Кузнецов С.С. Историческая геология. М., 1962;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),

найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс. км². Выш. да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаі выш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс. км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш. крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх. ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Гімалаі.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)