МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ ў меліярацыйным будаўніцтве,

размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.

Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.

Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

міто́з

(гр. mitos = нітка)

найбольш пашыраны спосаб дзялення клеткі ў жывых арганізмах, пры якім адбываецца строга аднолькавае размеркаванне храмасом паміж даччынымі клеткамі, што забяспечвае ўтварэнне генетычна раўнацэнных клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

класіфіка́цыя

(фр. classification, ад лац. classis = разрад + facere = рабіць)

размеркаванне якіх-н. прадметаў, з’яў, паняццяў па класах, групах, разрадах на падставе пэўных агульных прыкмет (напр. к. моў, к. раслін).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).

Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш. фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КАМІТЭ́Т грамадская арг-цыя ў Паўночна-Заходнім краі Рас. імперыі ў 1-ю сусв. вайну; адзін з Ваенна-прамысловых камітэтаў (ВПК). Створаны 19.7.1915 у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясц. камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК). У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арг-цыі, якія працавалі на патрэбы Зах. і часткова Паўн.-Зах. франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясц. ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытв-сць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. У сувязі з акупацыяй герм. войскамі зах. часткі Беларусі (восень 1915) Паўн.-Зах. ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАСО́Н (Poisson) Сімеон Дэні (21.6.1781, г. Пітыўе, Францыя — 25.4.1840),

французскі матэматык, механік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1812). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў (з 1806 праф.). З 1809 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і нябеснай механіцы, матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, тэорыі пругкасці, гідрамеханіцы і інш. Даследаваў праблемы устойлівасці Сонечнай сістэмы і рух планет з улікам узбурэнняў. Устанавіў важныя стат. заканамернасці (гл. Вялікіх лікаў закон, Пуасона размеркаванне). Абагульніў ураўненні тэорыі пругкасці на выпадак анізатропных цел, увёў адну з характарыстык пругкасці матэрыялаў (гл. Пуасона каэфіцыент). Прапанаваў адно з ураўненняў матэм. фізікі (гл. Пуасона ўраўненне) і выкарыстаў яго для рашэння задач па гравітацыі і электрастатыцы.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Д.Пуасон.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУНА́ ў тэорыі ваганняў,

тонкая, гібкая, моцна нацягнутая нітка з раўнамерна размеркаванай па даўжыні шчыльнасцю.

Пры ўзбуджэнні С., напр. ударам ці шчыпком, адбываюцца вагальныя рухі, пры якіх усе ўчасткі С. зрушваюцца ў папярочным напрамку. Кожнае ваганне С. можна выявіць у выглядзе сумы яе гарманічных уласных ваганняў, частоты якіх f залежаць ад яе даўжыні l, плошчы сячэння S, сілы нацяжэння Q, шчыльнасці матэрыялу р, а таксама ад умоў замацавання канцоў. Для С., замацаванай на цвёрдых апорах, 𝑓n = n 2l Q ρS , дзе n — цэлы лік, адпаведны нумару гарманічнай складальнай. Зададзенае ў пачатковы момант размеркаванне зрушэнняў (спосаб узбуджэння С.) вызначае спектр узбуджаных уласных ваганняў. С. з’яўляецца самай простай вагальнай сістэмай з размеркаванымі параметрамі; ёй карыстаюцца для вывучэння ваганняў больш складаных мех., акустычных і эл. сістэм.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.​Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап. ч. СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.​І.​Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕНУКЛІ́ДНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА, радыеізатопная дыягностыка,

распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць ​1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)