КЕ́ДРАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (2.1.1894, Масква — 22.3.1972),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Вольных маст. майстэрнях. З 1922 у 2-й Студыі МХАТ, з 1924 у МХАТ, у 1946—55 гал. рэжысёр. Як акцёр вылучаецца здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, пластычнай выразнасцю формы: Манілаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Сінь Бін-у («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава) і інш. Як рэжысёр і педагог развіваў традыцыі рэжысуры К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. Сярод пастановак: «У людзях» М.​Горкага (1933), «Глыбокая разведка» А.​Крона (1943), «Плён асветы» Л.​Талстога (1951), «Рэвізор» Гогаля (1967). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1952.

Б.М.Кедраў.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЙБЕРН, Кліберн (Cliburn) Харві Лаван (Ван; н. 12.7.1934, г. Шрыўпарт, ЗША), амерыканскі піяніст. Скончыў Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1954). Лірычная пранікнёнасць яго ігры спалучаецца з імклівым дынамізмам і маштабнасцю гучання. У рэпертуары творы П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, І.​Брамса, К.​Дэбюсі, С.​Барбера, Э.​Грыга і інш. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя Э.​Левентрыта ў Нью-Йорку (1954) і імя П.​І.​Чайкоўскага ў Маскве (1958). З 1962 у г. Форт-Уэрт (ЗША) праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў яго імя.

Літ.:

Чэйсинс А., Стайлз В. Легенда о Вэне Клайберне: Пер. с англ. М., 1959;

Хентова С.М. Ван Клайберн. 3 изд. М., 1966.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАРС ((Kokars) Імантс) (н. 16.8.1921, г. Гулбене, Латвія),

латышскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Латвіі (1975). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Латв. кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1977 праф. і рэктар). У 1951—53 і 1957—63 хормайстар хору Латв. тэлебачання і радыё, з 1956 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор мужчынскага хору «Дзіедоніс», у 1966—80 — нар. хору настаўнікаў «Беверына» Цэсіскага р-на, з 1969 — і камернага хору «Аве сол». З 1965 адзін з гал. дырыжораў рэсп. пеўчых свят. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах у Арэца і Гарыцыі (Італія, 1974 і 1977), Дэбрэцэне (Венгрыя, 1982), Спіталь-ан-дэр-Драу (Аўстрыя, 1983). Дзярж. прэмія Латвіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУНО́Ў (Анатоль Аляксеевіч) (н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.

А.​А.​Леановіч.

А.А.Лагуноў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Сяргей Аляксеевіч) (2.11.1902, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 3.7.1974),

сав. вучоны ў галіне электратэхнікі і вылічальнай тэхнікі. Акад. АН СССР (1953) і АН УССР (1945). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). Працаваў ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, у 1946—51 дырэктар Ін-та электратэхнікі АН УССР, у 1953—73 дырэктар Ін-та дакладнай механікі і вылічальнай тэхнікі АН СССР. Навук. працы па праблемах устойлівасці і аўтаматызацыі энергет. сістэм, вылічальнай тэхніцы, тэорыі лічыльных прыстасаванняў. Пад яго кіраўніцтвам у 1950 створана першая ў СССР ЭВМ «МЭСМ», шэраг хуткадзейных ЭВМ. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1950, 1969. У 1977 АН УССР устанавіла прэмію імя С.​А.​Лебедзева.

С.А.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́Н (Давід Мелкумавіч) (17.4.1904—17.7.1976),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1942). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Арм. драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Бурджаляна ў Тбілісі (1923). З 1924 у Дзярж. т-ры Арменіі імя Г.​Сундукяна. Акцёр вял. ўнутр. драматызму. Яго творчасці ўласцівы лаканізм, дакладны адбор выразных сродкаў, глыбіня псіхал. характарыстык: Рустам («Намус» А.​Шырванзадэ), Тусян («Забіты голуб» Нар-Доса), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра), Паратаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш. Выступаў як рэжысёр. З 1926 здымаўся ў кіно: «Горны марш» (1939), «Асабіста вядомы» (1958), «Народжаныя жыць» (1961) і інш. Аўтар кн. «Людзі і сустрэчы» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЦ (Аляксандр Львовіч) (8.1.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 29.12.1979),

расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў. Данскі (цяпер Растоўскі) ун-т (1918) і Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1932). З 1946 дырэктар радыётэхн. лабараторыі, у 1957—70 дырэктар Радыётэхн. ін-та АН СССР. Навук. працы па радыётэлефоннай мадуляцыі, накіраваных антэнах, генератарных лямпах, радыё-вымярэннях. Кіраваў стварэннем магутных радыёвяшчальных станцый, удзельнічаў у буд-ве шэрагу паскаральнікаў элементарных часціц, у т. л. ў Серпухаве. Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Тв.:

Радиоэлектроника. М., 1963;

Кибернетический ускоритель на 1000 миллиардов электронвольт // Природа, 1968. № 4.

Літ.:

А.​Л.​Минц // Радиотехника и электроника. 1965. Т. 10, № 3.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНК ((Munk) Анджэй) (16.10.1921, г. Кракаў, Польшча —21.9.1961),

польскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1950), у 1957—60 выкладаў у ёй. З 1949 аператар і рэжысёр кінахронікі. Паставіў дакумент. фільмы: «Накірунак—Новая Гута» (1951), «Слова чыгуначнікаў» (1953), «Зоркі павінны гарэць» (1954, з В.​Лясевічам) і інш. У 1955 дэбютаваў у маст. кіно. Вядомасць М. прынеслі фільмы «Чалавек на рэйках» (1957), «Eroica» (1958), «Касавокае шчасце» (1959, у сав. пракаце — «Шэсць ператварэнняў Яна Пішчыка»), «Пасажырка» (1961—63, завершаны Лясевічам). Яго фільмы адметныя вострымі і напружанымі сітуацыямі, гратэскам, сатыр. і трагікамічнай формай. Прэміі міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1955, 1958, 1964), Карлавых Варах (1957), Канах (1964). Дзярж. прэмія Польшчы 1954.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Пятровіч) (14.10.1900, г. Мензелінск, Татарстан — 4.1.1990),

расійскі фізікахімік і радыехімік. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1939 праф.), адначасова з 1946 у Радыевым ін-це. Навук. працы па даследаванні працэсаў іоннага абмену паміж воднымі растворамі і рознымі цвёрдымі сістэмамі (глеба, іаніты і інш.), электрахім. уласцівасцей арган. і неарган. іонаабменнікаў, па прыкладной і тэарэт. радыяхіміі. Распрацаваў тэорыю абменных працэсаў для іонаабменнай храматаграфіі, патэнцыяметрычны метад цітравання (1932). Прапанаваў іонаабменную тэорыю шклянога электрода (1932—37) і эксперыментальна яе пацвердзіў (1951). Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1973.

Літ.:

Б.​П.​Никольский. М., 1982.

Б.П.Нікольскі.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЁЛАВА (Марына Мсціславаўна) (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.​Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.​Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.​Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)