вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прані́клівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які глыбока і правільна разгадвае, разумее што‑н.; здагадлівы, прадбачлівы. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Шамякін. Праніклівы Ёсіп прадчуваў нешта нядобрае ў адначаснай грубасці і гэтай іранічнай ласкавасці Аніса. Дуброўскі. // Назіральны, пільны, дапытлівы (пра вочы, погляд і пад.). Вочы праніклівыя. Здаецца, яны бачаць навылёт. Сабаленка. Цяжкім праніклівым позіркам Аляксей зірнуў на сержанта і чамусьці паверыў, што ён не падвядзе. Мележ.

2. Вельмі моцны, які быццам пранікае ўнутр. Пераскокваючы з каменя на камень, яшчэ журчалі гаманлівыя талыя раўчукі, сырая зямля абдавала праніклівай стынню. Ракітны.

3. Які змяшчае ў сабе глыбіню пачуццяў, праўдзівы, шчыры. Глыбокім веданнем сялянскага жыцця напоўнены праніклівыя радкі Каліноўскага аб рэкрутах. Лушчыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),

чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.​Бэкана, Х.​Л.​Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;

Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;

Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.

В.​С.​Балбас.

Я.А.Каменскі.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́рань, -я, мн. карані́, каранёў, м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы.

Выкапаць куст з коранем.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе.

К. зуба.

3. перан. Пачатак, аснова чаго-н.

К. зла.

4. У граматыцы: асноўная частка слова без суфікса і прыстаўкі.

Правільна вызначыць к. слова.

5. У матэматыцы: лік, які пры ўзвядзенні ў пэўную ступень дае дадзены лік.

Квадратны к.

Здабыць к.

◊

Глядзець у корань (разм.) — унікаць у сутнасць якой-н. справы.

Вырваць з коранем — канчаткова пазбавіцца ад чаго-н.

На корані — пра расліны: не зжаты, не скошаны.

Пад корань —

1) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што-н.).

Высякаць кусты пад корань;

2) канчаткова (разбураць, знішчаць).

Пусціць карані — трывала, надоўга абаснавацца дзе-н.

У корані —

1) зусім, абсалютна (не згаджацца з чым-н.);

2) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.).

У корані змянілася жыццё.

|| памянш. карэ́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. каранёвы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Асі́на ’Populus tremula’, ясеннічак ’тс’ (Кіс.), асо́ва ’дрэва (асіна?), у дупле якога жывуць пчолы’ (Сцяшк.); осоўка, осиноўка ’лодка, выдаўбаная з ствала асіны’ (Бейл.); асовы ’асінавы’ (Бейл., Федароўскі, 6, 25). Гл. яшчэ асавец, асавік. Рус., укр. оси́на, укр. осика, польск. osina, osika, дыял. osa, чэш., славац. osika, в.-луж. wosa, wosyca, н.-луж. wosyca, славен. osíka, jesíka, jasíka, серб.-харв. ја̀сика (у тапонімах таксама з je‑), балг. осика, ясика, макед. јасика, ст.-рус. осина. Праслав. *osa < *opsa роднаснае літ. ẽpušė, ãpušė̃, лат. apse, ст.-прус. abse ’тс’, а таксама германскім словам тыпу ням. Espe ’тс’ (ст.-в.-ням. aspa). Іншыя індаеўрапейскія паралелі (напр., з грэч. ἄσπρις ’бясплодны дуб’) выклікаюць сумненні. Няясныя сувязі з цюрк. (Радлаў, Опыт) апсак ’асіна’, якое некаторыя лінгвісты лічаць запазычаным з іранскай (Хоопс, Reallex., 1, 132) ці армянскай (Педарсан, KZ, 39, 462). Іншыя лінгвісты (Мейе, RS, 2, 70; Махэк, Jména rostl., 132; Скок, 2, 759) лічаць слова протаеўрапейскім. Апрача літаратуры, указанай тут і ў Фасмера, 3, 159, гл. яшчэ Покарны, 55 (*apsā); Фрэнкель, 14; Махэк₂, 418. На агульнаславянскі характар бел. асіна ўказваў Булахаў, Курс суч., 144; гэта правільна адносна кораня, суфікс усходнеславянскі і польскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўды́р 1 ’гэтак лаюць тоўстых непаваротлівых людзей’ (КЭС, лаг.), ’лаянкавае слова’ (Бір. Дзярж.). Бліжэй іншых слоў да бел. назвы стаіць укр. бо́вдур ’дурань’ (іншыя значэнні ’комін; густы дым, хмара; жэрдка (у рыбаловаў)’). Рудніцкі (157) хоча ўсе значэнні ўкр. слова вывесці з ’комін’ (а гэта запазычанне з чув. мовы, гл. боўдур ’комін’). Наўрад ці гэта правільна. Трэба, мусіць, думаць пра слав. аснову bъld‑, якая мае прыкладна тое ж значэнне, што і балд‑, булд- (гл.). Bъld‑yrь, bъld‑urъ маглі б быць самастойнымі слав. (усх.-слав.?) утварэннямі (незалежнымі і ад цюрк. уплыву; аб гэтым гл. Краўчук, Тюрк. лекс. элем., 29).

Баўды́р 2 ’вадзяная бурбалка; прышч’ (Нас.). Параўн. рус. ба́лдырь ’пухір’, булды́рь нарыў, шышка’. Звычайна зыходную форму асноў, якія азначаюць ’штосьці круглае, бурбалка і пад.’ вызначыць вельмі цяжка. Можна думаць і пра балд‑, і пра bъld‑ (> боўд‑), і пра булд- (гл.). Прынамсі для значэння ’бурбалка’ можна прыняць гукапераймальнае bъld‑, якое сустракаецца (праўда, рэдка) у некаторым укр. гідраграфічных назвах (параўн., напр., бо́вдур яма ў вадзе’) і да якога зводзіць бел. слова Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 90. Цікава, што для абазначэння круглых прадметаў аснова ба́ўд‑ сустракаецца ў некаторым паўд.-зах. укр. гаворках (ба́ўда ’некалькі стручкоў фасолі разам і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пяе; зак.

1. што і чаго. Насыпаць дадаткова, насыпаючы, падбавіць. Падсыпаць вугалю ў топку. Падсыпаць солі ў суп. / у безас. ужыв. Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, потым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала. Кулакоўскі. // Усыпаць, насыпаць употай, з пэўным намерам. Падсыпаць атруты.

2. што і чаго. Насыпаць пад каго‑, што‑н. Я выпраг з калёс, [каня], завёў яго ў стайню. Падсыпаў пад пысу аўса. Сачанка. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

3. што. Зрабіць крыху вышэйшым, насыпаўшы дадаткова пяску, зямлі і пад. [Мацей:] — Эй, гаспадар! Не лянуйся, прызбу падсып, лавачку змайструй... Краўчанка.

4. перан.; каму. Разм. Пабіць, строга пакрытыкаваць каго‑н. — Правільна, дзед! Падсып яму... Хай пацярэбіцца... — Крый яго! Пташнікаў.

•••

Падсыпаць перцу (солі) — добра даняць, дапячы каму‑н. іроніяй, едкім словам.

падсыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да падсы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.

2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.

3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.

4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.

2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.

3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.

4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схе́ма, ‑ы, ж.

1. Спрошчаны чарцёж, які перадае сістэму, пабудову, сувязь частак чаго‑н. На гэтым экране кожны вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай. Шыцік. Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Навуменка. Па схеме ўсё правільна, а ўстаноўка не працуе. Мыслівец. // Агульны план пабудовы, арганізацыі, размяшчэння чаго‑н. Каця паабяцала разам са сваімі сябрамі, што працавалі на аэрадроме, скласці схему, дзе падрабязна былі б адзначаны стаянкі самалётаў, запасы боепрыпасаў, памяшканні, дзе жылі лётчыкі. Няхай.

2. Апісанне, зробленае ў агульных рысах, папярэдні накід. Схема п’есы. Схема даклада. □ Штампы і схемы ляжаць і на многіх творах аб калгасным жыцці. «Беларусь».

3. Абстрактны паказ чаго‑н.; агульная формула, палажэнне (у думках, разважаннях). Багата якія важныя пытанні наогул не атрымлівалі адказу, не даследаваліся, таму што не ўкладваліся ў апрыёрныя схемы. «Полымя».

[Грэч. schema — вобраз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)