НЯЎВА́ЖНЫ (Nieuważny) Фларыян (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.​Цютчава, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, І.​Эрэнбурга, Р.​Скаварады, Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Брыля, В.​Быкава, У.​Караткевіча, І.​Мележа, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.​Купалы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, Брыля, Н.​Гілевіча, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, В.​Іпатавай, Караткевіча, У.​Някляева, А.​Кудраўца, А.​Разанава, М.​Стральцова і інш.

А.​Л.​Верабей.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ (Podhórski-Okołów) Леанард (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),

польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.​Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.​Гайдук, М.​Кавыль, А.​Лойка, Я.​Семяжон.

Тв.:

Wybór poezji. Warszawa, 1960;

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГУЛЕ́ЎСКІ Уладзімір Васілевіч (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг. Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял. Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.​Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.​Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.​Купалы і Я.​Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭФАНО́ВІЧ Пятро (Пётр Францавіч; н. 28.6.1922, в. Сёмкаў Гарадок Мінскага р-на),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Ашмянскую гімназію (1939). Працаваў на будоўлях, у 1974—84 у час. «Вожык». Друкуецца з 1941. Перакладае з польскай на бел. і рус. мовы, з бел. на польскую. На польскую мову пераклаў кн. для дзяцей «Дзе хто начуе» А.​Лойкі, «Паспяшайся ў наш звярынец» П.​Марціновіча, «Еду ў госці да слана» (усе 1981) і «Сцяпан — вялікі пан» (1983) А.​Вольскага, «Казкі, поўныя цудаў» І.​Бурсава (1982), «Верабейка ў сватах» В.​Віткі (1985), бел. нар. казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1983). На бел. мову пераклаў паасобныя творы Я.​Бжэхвы, Я.​Гушчы, В.​Жукроўскага, Э.​Кабаца, Ю.​Озгі-Міхальскага, Я.​Парандоўскага, Е.​Путраманта, Т.​Ружэвіча, У.​Рэйманта і інш. Складальнік анталогій сучасных польскіх пісьменнікаў «Ад Буга да Одры» (1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (1979).

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́КЛІФ (Вікліф; Wycliffe, Wiclif) Джон (паміж 1320 і 1330, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 31.12.1384), англійскі рэфарматар царквы, ідэолаг бюргерскай ерасі. Праф. Оксфардскага ун-та, д-р багаслоўя (1372). Аўтар шматлікіх памфлетаў і трактатаў, перакладчык Бібліі на англ. мову. Лічыў чалавецтва зямной «ваяўнічай царквой», а Бога яго вярх. сюзерэнам і адзіным уласнікам усяго, што ёсць на зямлі. Паводле У., Бог дае людзям зямныя багацці толькі ў часовае трыманне за верную яму службу («праведныя паводзіны»). Адстойваў прымат свецкай улады над духоўнай, выступаў за секулярызацыю царк. уласнасці. Ідэі У. адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, якое сам У. лічыў вынікам парушэння саслоўямі «боскага закону». У 1382 сабор англ. біскупаў асудзіў вучэнне У., Канстанцкі сабор 1415 абвясціў яго ератыком. Ідэі У. паўплывалі на светапогляд лалардаў у Англіі, Я.Гуса, М.Лютэра, дзеячаў англ. Рэфармацыі.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎНЯ́ Анатоль Аляксандравіч (н. 2.9.1930, г.п. Дорахава Рузскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1954 працаваў у газ. «Советская Белоруссия», з 1959 у час. Беларусь», у 1981—90 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Паводка» (1975), «Урок дабрыні» (1980) роздум над лёсам сучасніка, тэмы дружбы, кахання. На бел. мову пераклаў аповесці «Праўдзівая гісторыя» Л.​Стурані (1957), «Прыгоды К’ядзіна» М.​Арджылі і Г.​Паркі (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.​Берціні (1960), раман «Лішнія» Д.​Арфелі (1965), зб. апавяданняў «Золата Фарчэлы» (1968); «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971) і інш. Укладальнік і адзін з перакладчыкаў кароткай анталогіі італьян. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Кандрат Крапіва» (1983) і інш. Выступае як публіцыст, крытык і эсэіст па пытаннях тэатр., выяўл., муз. мастацтва.

т. 17, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЧЫК Клімент Марцінавіч (1898, в. Свіслач Гродзенскага р-на — 5.7.1941),

бел. і рускі паэт, перакладчык. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя Брусава ў Маскве (1925). Адзін з ініцыятараў-заснавальнікаў асацыяцыі па вывучэнні бел. маст. л-ры пры Цэнтр. бел. клубе ў Маскве. Пісаў вершы (публ. ў газетах і часопісах Масквы і Ленінграда); часта пад псеўд. К.​Кундзіш. Пераклаў на рус. мову аповесці Я.​Коласа «У палескай глушы» (1929), «Аповесці і апавяданні» (1929), раман «Язэп Крушынскі» (1931) З.​Бядулі, аповесць «Спалох на загонах» (1933) і раман «Праз гады» (1935) П.​Галавача, зб. апавяданняў «На зломе» Я.​Нёманскага (1930), асобныя творы Ц.​Гартнага, М.​Чарота, К.​Чорнага. Аўтар крытычных артыкулаў пра паэзію Ц.​Гартнага, А.​Александровіча (1927), у якіх не пазбег памылковых ацэнак і перагібаў у характарыстыцы творчасці пісьменнікаў.

А.​П.​Цыхун.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЕ́Ц Антон Эдвард (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),

польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.​Міцкевічам, Я.​Чачотам, Т.​Занам, І.​Дамейкам, І.​Ходзькам. У 1821 стаў чл. т-ва філарэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.​Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.​Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).

Літ.:

Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.​Э.​Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧУ́РЫН Мікіта Якаўлевіч (у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),

расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.

М.Я.Бічурын.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМАНАЎ Андрэй Дзімітраў (17.6.1932, в. Яварава Варненскай акругі, Балгарыя — 15.5.1981),

балгарскі паэт-перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1977). Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкаваўся з 1951. Любоў да чалавека працы, пранікненне ў яго псіхалогію, філас. асэнсаванне з’яў і супярэчнасцей жыцця, гарманічнае спалучэнне формы і зместу — асноўнае ў зб-ках паэзіі «Парасткі» (1959), «Рабочы цягнік» (1962), «Раўнадзенства» (1965), «Ператварэнні» (1968), «Астравы» (1972), «Каменная зямля» (1975), «Выбуховая зона» (1977), «Другія чатырохрадкоўі» (1980) і інш. Пераклаў на балг. мову шэраг твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча (у зб-ках «Выбраныя вершы», 1962; «Беларускія паэты», 1971), Р.​Барадуліна, В.​Вярбы, А.​Грачанікава, А.​Куляшова, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Германава перакладалі Танк, Барадулін, Г.​Бураўкін, Вярцінскі, Гілевіч, Грачанікаў, А.​Разанаў, У.​Паўлаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Касцёр на вяршыні: Выбр. лірыка. Мн., 1975.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)