абла́ва, ‑ы, ж.

Паляванне, пры якім месца, дзе знаходзіцца зверына, акружаецца, ачэпліваецца паляўнічымі і загоншчыкамі. Аблава на ваўкоў. □ Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот. // Акружэнне якога‑н. месца з мэтай злавіць каго‑н. Акружылі мы прымежны гай, Пачалі на ворагаў аблаву. Панчанка. У часе блакады ў горадзе таксама былі праведзены масавыя аблавы і арышты. Няхай. // Пра асоб, якія робяць аблаву. Даўно аблавай прачасаць пара Аколіцы бароў, глухую гаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч (н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),

мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.​Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.​Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.

У.​В.​Мальцаў.

Э.Гейдэбрэхт. Эскіз дэкарацый да балета «Рамэо і Джульета».

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),

прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч. тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА Наталля Якаўлеўна (н. 20.2.1953, г. Туапсэ Краснадарскага краю, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1979, клас А.Абразцовай). З 1981 салістка Нац. акад., т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым голасам шырокага дыяпазону, выразнасцю вак. інтанацыі. Яе выкананню ўласцівы артыстычнасць, непасрэднасць, уменне перадаваць голасам танчэйшыя душэўныя зрухі. Сярод партый: Надзея («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), Маргарыта («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Антонія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Аіда, Джыльда, Віялета («Аіда», «Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Паміна («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Іаланта, Ліза («Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Выканала таксама монаоперу «Чалавечы голас» Ф.​Пуленка, партыі саліруючага сапрана ў рэквіемах Вердзі і Моцарта, ва «Урачыстай месе» Л.​Бетховена і інш.

Літ.:

Клімковіч С. Калі спявае Наталля Касценка // Театральный Минск. 1989. № 6.

Г.​Р.​Куляшова.

Н.Кастэнка ў ролі Аіды.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШКУРЭ́ВІЧ Арлен (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.​Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.​Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.​Купалы (1967), «Авадзень» Э.​Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.​Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.​В.​Гётэ (1976), «Карнікі» А.​Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.​Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).

Літ.:

Ганчароў М.І. А.​М.​Кашкурэвіч. Мн., 1976.

Г.​А.​Фатыхава.

А.М.Кашкурэвіч.
А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),

розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш. рэчы дэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.​Арлова, С.​Вольскага, Р.​Гебелева, Дз.​Сакажынскага, К.​Цяўлоўскага, Р.​Чарнова, А.​Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.​Гапак), самадз. майстры (І.​Раманчук, У.​Іваноў, П.​Грыгор’еў).

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Яраслаў Фёдаравіч (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.​Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Філіп II, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

І.​В.​Глушакоў.

Я.Ф.Пятроў.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЭ́НКА Аляксей Васілевіч (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.​Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.​Сухарава паводле «Прапановы» А.​Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЛІС (Rullis) Талрыд (н. 29.12.1940, г. Вентспілс, Латвія),

латышскі перакладчык. Вучыўся ў Латв. ун-це (1959—64, 1969—72). У 1967—84 працаваў у друку, у Латв. Сав. Энцыклапедыі, у выд-ве «Ліесма». Друкуецца з 1962. Асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі раманы і аповесці К.​Чорнага «Трэцяе пакаленне» (1971), І.​Пташнікава «Тартак» (1972), І.​Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (1973), А.​Кудраўца «Раданіца» (1974), В.​Быкава «Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання» (1976), «Жураўліны крык. Пайсці і не вярнуцца» (1984), «Знак бяды» (1986), З.​Бядулі «Салавей» (1977), М.​Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» (1978), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1980), Я.​Коласа «На ростанях» (1982), В.​Казько «Суд у Слабадзе» (1982), А.​Масарэнкі «На бабровых тонях» (1983), У.​Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1985) і інш. У перыяд. выданнях надрукаваны ў яго перакладзе творы В.​Адамчыка, Быкава, Кудраўца, Я.​Скрыгана, пераклаў паасобныя творы Я.​Брыля, В.​Віткі, В.​Карамазава, В.​Іпатавай, а таксама рус., укр. і літ. пісьменнікаў. Піша артыкулы пра бел. л-ру і праблемы перакладу.

М.​Абала.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ Канут Іванавіч (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),

жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

К.Русецкі. Літоўка з вербамі. 1847.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)