ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),
бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскімдзярж.муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т. л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.Гарэлавай, В.Войціка, Я.Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.Захараў, Ф.Волкаў, В.Тарлецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ДСКІ (Юрый Аляксандравіч) (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.Гальдоні, «Атэла» У.Шэкспіра, «Маскарад» М.Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Сяргей Васілевіч) (16.6.1864, г. Руза Маскоўскай вобл. — 16.8.1910),
рускі жывапісец. Прадстаўнік «крытычнага рэалізму». Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—82, 1884—85), Пецярб.АМ (1882—84). Выкладаў у Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства і Строганаўскім вуч. З 1899 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак, адзін з заснавальнікаў маскоўскага аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (1903). Раннія творы вылучаюцца натуралізмам і рэв.-дэмакр. накіраванасцю («Каля астрога», 1885, «У дарозе. Смерць перасяленца», 1889). З канца 1890-х г. пісаў карціны на тэмы рус. жыцця 16—17 ст. у больш свабодным і маляўнічым стылі («Прыезд іншаземцаў у Маскву 17 стагоддзя», 1901; «Цар. 16 стагоддзе», 1902).
Літ.:
Грановский И.Н. С.В.Ивамов: Жизнь и творчество. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Пётр Уладзіміравіч) (15.10.1874, г. Гомель ? — 13.4.1917),
удзельнік бел. і рас.рэв. руху. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, Маскоўскім (1895—96), Тартускім (1898—99), Берлінскім (1899—1901) ун-тах. У 1896—98 вёў рэв. агітацыю ў Гомелі і Нясвіжы. Адзін з арганізатараў Гомельскага к-таРСДРП. У лют. 1901, калі даведаўся пра рашэнне рас. улад аддаць у салдаты студэнтаў Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў, якія ўдзельнічалі ў студэнцкіх хваляваннях, смяротна параніў міністра асветы М.П.Багалепава; асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1907 уцёк, уступіў у Пецярбургу ў Баявую арг-цыю партыі эсэраў, стаў пам. Е.Ф.Азефа. Пасля выкрыцця Азефа (1908) адышоў ад парт. спраў, эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Загінуў пры вяртанні ў Расію на судне, патопленым герм. падводнай лодкай у Паўн. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАЎ (Баніфацій Міхайлавіч) (10.12.1903, г. Яраслаўль, Расія — 10.9.1985),
савецкі філосаф, гісторык навукі, хімік. Акад.АНСССР (1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Ін-т чырвонай прафесуры (1932). Працаваў у ЦККПСС, Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, Ін-це прыродазнаўства і тэхнікі (з 1962 дырэктар) і Ін-це філасофіі АНСССР (у 1973—74 дырэктар), Маскоўскім ун-це, гал. рэдактарам час. «Вопросы философии» (1947—49). Даследаваў праблемы матэрыяліст. дыялектыкі, псіхалогіі, логікі, метадалогіі навук. творчасці, філас. пытанні прыродазнаўства, навуказнаўства і інш.
Тв.:
Единство диалектики, логики и теории познания. М., 1963;
Ленин и научные революции. Естествознание. Физика. М., 1980;
Науки в их взаимосвязи: История. Теория. Практика. М., 1988 (у сааўт.);
Проблемы логики и методологии науки: Избр. тр.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́БРЫК (Яўген Адольфавіч) (21.2.1906, г. Вазнясенск Мікалаеўскай вобл., Украіна —16.7.1978),
расійскі графік. Нар.маст.СССР (1967). Правадз.чл.АМСССР (1962). Вучыўся ў Адэскім ін-це выяўл. мастацтваў (1922—25) і Ленінградскай АМ (1925—27). Чл. групы «Майстры аналітычнага мастацтва» (1926—30). З 1953 выкладаў у Маскоўскіммаст. ін-це (з 1954 праф.). Майстар ілюстрацыі: «Падпаручнік Кіжэ» Ю.Тынянава (1930), «Кала Бруньён» (1934—36) і «Зачараваная душа» (1940—41) Р.Ралана, «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1937—38), «Тарас Бульба» М.Гогаля (1943—45), «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна (1959—64) і інш. Працаваў у станковай графіцы (серыя малюнкаў «Сталінград», 1943, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Я.Кібрык. Ілюстрацыя да аповесці «Кала Бруньён» Р.Ралана. 1934—36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́ТАЎ (Сяргей Міхайлавіч) (11.10. 1899, в. Глухаўка Серпухаўскага р-на Маскоўскай вобл. — 8.1.1961),
расійскі і бел. фізікахімік. Акад.АН Беларусі (1940), д-рхім.н. (1936), праф. (1934). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1940—44 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова (1940—44) і з 1959 у Ін-це хіміі АН Беларусі. У 1944—59 у Маскоўскімтэкст. ін-це. Навук. працы па калоіднай хіміі і хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Распрацаваў агульную тэорыю сінерэзісу, схему атрымання віскозы, вакуумны спосаб фарбавання, прамысл. спосаб вырабу спірту з крухмала- і цэлюлозазмяшчальнай сыравіны.
Тв.:
Проблемы учения о лиофильных коллоидах. Мн., 1941;
Высокополимерные соединения. Ташкент, 1943;
Физико-химия коллоидов. М.; Л., 1948.
Літ.:
С.М.Ліпатаў // Весці АНБССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Канстанцін Ягоравіч) (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),
расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксандр Цярэнцьевіч) (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-варус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскіммаст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.Герцэна (1912), А.Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў ў галіне дробнай пластыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМСССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм.т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыроды рас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.