антыўрадавая тайная арг-цыя на Беларусі і ў Літве ў 1796—97. Засн. ў Вільні вясной 1796 для барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791. Мела праграму «Акт Віленскага паўстання» (1797) і статут «Артыкулы членам асацыяцыі». Асацыяцыя ўключала пераважна прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, яе ўзначальвалі ксяндзы Ф.Цяцерскі і В.Зюлкоўскі, жыхар мяст. Камень Мінскай губ. С.Юдзіцкі. На месцах утвараліся таварыствы-адгалінаванні («асацыяцыі» не больш за 15 чал.), якія падзяляліся на аддзелы («дэцэзіі» па 4—5 чал.). Восенню 1797 Віленская асацыяцыя раскрыта царскімі ўладамі. Па справе праходзіла больш за 70 чал. Усе ўдзельнікі Віленскай асацыяцыі прыгавораны сенатам да смяротнай кары. Паводле загаду імператара Паўла I яна заменена цялеснымі пакараннямі і катаржнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕ́ДАМАСЦІ»,
штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 14.9.1921 да 15.1.1922 у Вільні на бел. мове. Выйшла 19 нумароў. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Адно з першых беларускамоўных выданняў пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Пісала пра паліт. і эканам. жыццё беларусаў у т.зв. Сярэдняй Літве, дамагалася адкрыцця школ на роднай мове, змяшчала матэрыялы аб школьным і культ. жыцці ў БССР, Латвіі, на Украіне. Друкавала творы Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, Я.Купалы і інш., гіст. артыкулы У.Ігнатоўскага, М.Кахановіча, А.Смоліча і інш. Змясціла раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М.Гарэцкага. З лепшых надрукаваных у газеце маст. твораў быў складзены дадатак да «Беларускіх ведамасцяў» «Беларускі дэкламатар». У 1921 выйшлі 3 зборнікі «Беларускіх ведамасцяў». Газета закрыта ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́НСКІ (Аляксандр Кузьміч) (кастр. 1886, в. Муравілле Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — ?),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1912). Прымыкаў да партыі эсэраў. З 1918 чл. прэзідыума Кіеўскай бел. рады і заг. бюро па ўладкаванні бежанцаў, прадстаўнік урада БНР на Украіне; саветнік Мін-ва замежных спраў урада БНР. З 1921 у Літве: старшыня Бел.нац. сувязі, замежнага ЦК партыі бел. эсэраў, Бел.нац.к-та, выдаваў час. «Покліч». Адзін з арганізатараў Бел.паліт. канферэнцыі ў Празе (1921). Удзельнічаў у ліквідацыі ўрада БНР у кастр. 1925. Неаднойчы арыштаваны царскімі, румынскімі, літ. ўладамі. Пасля пераезду ў БССР працаваў у ВСНГ Беларусі, НДІ прам-сці. У 1930 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЁРАН ((Dulaurans) Нестар) (каля 1825, Варшава — 1868),
удзельнік паўстання 1863—64. Каля 1861 працаваў у кіраўніцтве буд-вам Варшаўска-Пецярбургскай чыгункі ў Вільні, удзельнічаў у арг-цыі першых рэв. гурткоў. Балансаваў паміж «чырвонымі» і «белымі». У 1862 камісар Варшаўскага Цэнтр.нац.к-та ў Літоўскім правінцыяльным камітэце, неўзабаве выключаны з к-та, зблакіраваўся з «белымі». У лют. 1863 выступіў з прапановай адхіліць «чырвоных» ад кіраўніцтва паўстаннем. Па яго ініцыятыве Літоўскі к-т распушчаны і створаны «белы» Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у якім Дз. заняў пасаду камісара варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і Беларусі. З лета 1863 у Познані — пам.рэв. камісара ў Прусіі, з лета 1864 у Дрэздэне — рэв. камісар паўстанцкага ўрада ў Германіі. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Парыж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧЭ́ЎСКІ (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч
(7.8.1879, Кобрынскі пав. Гродзенскай губ. — 8.3.1928),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1902). Настаўнічаў. У 1909—14 працаваў у Віленскім дзярж. банку. З 1914 на вайск. службе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 старшыня Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзярж. кантралёр, нар. сакратар фінансаў, нар. сакратар гандлю і прам-сці; узначальваў Цэнтр.бел.гандл. палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. З 13.12.1919 старшыня Рады БНР. З 1920 у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. З пазіцыі абароны інтарэсаў Беларусі асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921, рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925). Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з чэш. і ўкр. моў. Пахаваны ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),
яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб.літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Іванавіч) (1460 ? — 1530),
военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.
К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.