КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),
1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл. Кабальныя халопы).
2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.
т. 7, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.
Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́СТ (галанд. Ballast),
1) груз (вада, пясок і інш.), які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля. Сучасныя марскія судны, асабліва падводныя лодкі, выкарыстоўваюць як баласт ваду (заліваецца ў баластавыя цыстэрны).
2) Груз для рэгулявання пад’ёмнай сілы паветраплавальнага апарата (напр., аэрастата).
3) Слой сыпкіх матэрыялаў (друз, гравій і інш.) на чыг. палатне, які стварае пругкую аснову для шпалаў чыг. пуці, адводзіць ваду, перашкаджае падоўжным і папярочным перамяшчэнням рэйка-шпальнай рашоткі, забяспечвае плаўны ход рухомага саставу.
2) У пераносным значэнні — усё лішняе, непатрэбнае.
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,
фармальнае адрозненне моўных адзінак, якому адпавядае адрозненне ў семантыцы. Так, бел. словы «лес» і «лёс» адрозніваюцца гукамі [э] і [о], што сігналізуе пра розніцу ў значэнні. У граматыцы семантычнае адрозненне рэалізуецца ў супрацьпастаўленні формаў (напр.: ‘цяперашні час’ і ‘прошлы час’ — «будуе» і «будаваў»); наяўнасць апазіцыі — абавязковая ўмова існавання граматычнага значэння. У лексіцы апазіцыя семантычных кампанентаў рэалізуецца ў лексемах (напр.: «прыйсці» — ‘пачаць знаходзіцца’ і «пайсці» — ‘перастаць знаходзіцца’ ў пэўным месцы). Упершыню паняцце апазіцыі распрацавана М.С.Трубяцкім.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК,
маральнае патрабаванне; неабходнасць выканання чалавекам пэўных дзеянняў, якія вызначаюцца грамадствам і ў аднолькавай ступені адносяцца да ўсіх яго членаў. Па значэнні блізкі да паняцця доўг, у якім агульны, універсальны характар грамадска значных патрабаванняў ператвараецца ў асабістую задачу канкрэтнага індывіда, абумоўленую акалічнасцямі яго жыцця. Да асн. грамадзянскіх абавязкаў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца: выкананне законаў рэспублікі, павага да яе нац. традыцый, годнасці, правоў, законных інтарэсаў інш. асоб; зберажэнне прыроды, культ. спадчыны, абарона Радзімы, клопат пра дзяцей, бацькоў і інш.
В.А.Паўлоўская.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,
інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).
Т.А.Меляшкевіч.
т. 6, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНА́ТНАЯ СЕ́ТКА ў тапаграфіі,
сетка каардынатных ліній (X=const, Y=const) на тапаграфічных картах і планах. Лініі К.с. паралельныя адлюстраванню восевага мерыдыяна зоны (вось X у дадзенай каардынатнай зоне) і адлюстраванню экватара (вось Y для аналагічных зон). Іх праводзяць праз 1 або 2 км у маштабе карты, адносна рамак карты яны павернуты на вугал, роўны збліжэнню мерыдыянаў. Значэнні К.с. выносяць за рамку ліста. Адлік X праводзіцца ад экватара да полюсаў, а Y — ад восевага мерыдыяна зоны. К.с. называюць таксама кіламетровай сеткай.
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
т. 8, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),
адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».
Літ.:
Слово в грамматике и словаре. М., 1984.
т. 9, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мета́фара
(с.-лац. metaphora, ад гр. metaphora = перанос)
від тропа, ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні на аснове падабенства або параўнання адной з’явы ці прадмета з другімі (напр. «гоман дрэў»).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)