БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,
квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій 4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАПРЭНО́ДЫ,
група прыродных злучэнняў, якія фармальна разглядаюцца як прадукты пераўтварэння (полімерызацыі, цыклізацыі, акіслення і інш.) ізапрэну. Утвараюцца ў жывых арганізмах з мевалонавай к-ты. Падзяляюць на тэрпены і іх вытворныя, смаляныя кіслоты, стэроіды і поліізапрэноіды (напр., каўчук натуральны). Да І. адносяцца многія фізіялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны A, D, E, K, антыбіётыкі, гармоны, ферамоны і інш.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫКАЛО́ГІЯ (ад лац. codex кніга + ...логія),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае стараж. і сярэдневяковыя рукапісныя кнігі; раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан стараж. кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і інш. надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае звесткі пра яе геаграфію і гісторыю.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЁНТЫ [ад крыя... + біёнт(ы)],
пастаянныя жыхары вельмі халодных месцаў (на або ў снезе ці лёдзе, у талых водах і інш.). Да іх адносяцца некаторыя аднаклетачныя водарасці, напр., хіянафілы (раслінны жгуціканосец, які можа афарбоўваць снег або лёд у чырв. колер, снегавая хламідаманада), падснежнікі, некаторыя чэрві, насякомыя (снежныя блохі Colembola і інш.), антарктычная рыба трэматомус, аўцабык і інш.
т. 8, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗАКО́ННЫ АКТ,
прававы акт органа дзярж. улады, які мае больш нізкую юрыд. сілу, чым закон. Прымаецца на аснове і ў выкананне закону. У Рэспубліцы Беларусь да П.а. адносяцца ўказы Прэзідэнта, пастановы і распараджэнні ўрада, мін-ваў, дзярж. к-таў і інш. органаў выканаўчай улады, а таксама пастановы палат Нац. сходу, рашэнні судоў і інш.
т. 11, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБО́ВАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
раздымнае злучэнне дэталей з дапамогай разьбы. Забяспечвае адносную нерухомасць злучаных дэталей машын, прылад, апаратаў ці механізмаў. Да асн. частак Р.з. адносяцца балты, вінты і інш. крапежныя дэталі, ад канструкцыі і дакладнасці вырабу якіх залежаць трываласць і даўгавечнасць злучэння. Р.з. выкарыстоўваецца таксама ў некаторых механізмах (напр., дамкраты), машынах (вінтавыя прэсы і інш.).
т. 13, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПО́РНАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,
сістэма (канструкцыя), у якой пад дзеяннем верт. нагрузкі ўзнікаюць верт. і гарыз. рэакцыі апор (распор). Да Р.с. адносяцца аркі (без зацяжак), вісячыя сістэмы, рамныя канструкцыі (гл. Рама ў будаўніцтве), некаторыя прасторавыя сістэмы (напр., скляпенні, купалы) і інш. У такіх сістэмах робяць моцны і трывалы падмурак і ўмацоўваюць контрфорсамі.
т. 13, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫ СКАЗ,
прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая сінтаксічна падпарадкавана гал. частцы. Фармальным паказчыкам сінтакс. падпарадкавання даданай часткі служаць злучнікі і злучальныя словы. Яны па-рознаму ўваходзяць у яе структуру і ў пэўнай меры кваліфікуюць яе значэнне.
У лінгвістычнай л-ры не існуе адзінай класіфікацыі даданых частак. Часцей за ўсё яны ў залежнасці ад спосабу сувязі і характару адносін з гал. часткай падзяляюцца на прыфразныя і прыслоўныя. Прыфразныя часткі прымацаваны слабай сувяззю да гал. часткі, бо адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Сярод іх вылучаюцца даданыя часу, месца, прычыны, мэты, умовы, уступальныя, выніковыя, параўнальныя, далучальныя. Прыслоўныя часткі адрозніваюцца цеснай сувяззю з гал. часткай, бо адносяцца да асобных яе слоў і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод іх вылучаюцца даданыя азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, выказнікавыя, спосабу дзеяння, меры і ступені.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.І.Бурак.
т. 6, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)