клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.
Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.
А.М.Капіч.
Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
падзь
1. Упадзіна, яма (Стаўбц.Прышч.).
2. Шкодная мядовая раса; іржаўныя грыбы, якія з'яўляюцца на бабовых раслінах ад перамены надвор'я (БРС).
□ ур. Падзь (нізкае поле) Стаўбц.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ПАРАЗІТЫ́ЗМ,
форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл.Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш.Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).
Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБЫ́ (Mycota),
група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;