БРЫЗГЛІ́НА (Euonymus),

род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 220. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (асабліва ў Кітаі, Японіі, Індакітаі, Гімалаях), Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі ў лясах, хмызняках па берагавых схілах рэк і ў ярах трапляюцца брызгліна бародаўчатая (E. verrucosa) і еўрапейская (E. europaea). У Цэнтр. бат. садзе АН вырошчваюць 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. перспектыўныя для зялёнага буд-ва брызгліна карлікавая (E. nana), Маака (E. maakii), шыракалістая (E. latifolia) і свяшчэнная (E. sacrosancta).

Шматгадовазялёныя і лістападныя кусты або невял. дрэвы. Галінкі гладкія ці ў густых бародаўках. Лісце авальна-падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, пляскатыя, у паўпарасоніках, зрэдку — адзіночныя. Плод — скурыстая каробачка. Дэкар., лек. (сардэчны, гіпатэнзіўны, ірвотны, слабіцельны, вітамінны сродак), інсектыцыдныя, тэхн. (драўнінныя, гутаперчаносныя, фарбавальныя і алейныя) расліны. Усе часткі брызгліны ядавітыя (маюць сардэчны гліказід эванізід), у лісці да 170 мг% аскарбінавай к-ты.

Брызгліна бародаўчатая.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),

род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).

Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.

Ваўчаягада: 1 — звычайная; 2 — баравая.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЖМЕ́ЛЬ (Lonicera),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).

Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш. раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.

Бружмель духмяны.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)