ЛІТАЛО́ГІЯ (ад літа... + ...логія),

навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш. Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.

Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял. значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.​Сорбі, амер. Дж.​Мерэя, Дж.​Барэла, У.​Твенхафела, Ф.​Петыджана і інш., франц. Л.​Каё, В.​Вагана, ням. І.​Вальтэра, Г.​Потанье, рас. М.​А.​Галоўкінскага, А.​П.​Паўлава, П.​А.​Зямятчанскага, Я.​У.​Самойлава, П.​М.​Чырвінскага, А.​Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.​Б.​Рухіна і інш.

На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш. геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.

Літ.:

Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;

Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука аб прынцыпах і метадах вывучэння саставу рэчываў. Уключае тэарэт. асновы хім. аналізу, метады вызначэння кампанентаў у рэчывах ці матэрыялах, сістэм. аналіз канкрэтных аб’ектаў. Тэарэт. асновы аналітычнай хіміі — метралогія хім. Аналізу (апрацоўка вынікаў); вучэнне аб адборы і падрыхтоўцы аналітычных проб, складанні схемы і выбары метадаў, прынцыпах і шляхах аўтаматызацыі аналізу. Аналітычная хімія звязана з дасягненнямі фізікі, матэматыкі, біялогіі, розных галін тэхнікі. Асаблівасць аналітычнай хіміі — вывучэнне індывід. спецыфічных уласцівасцяў і характарыстык аб’ектаў. У залежнасці ад мэты аналізу адрозніваюць якасны аналіз і колькасны аналіз; у залежнасці ад кампанентаў, якія неабходна выявіць — ізатопны аналіз, элементны аналіз, структурна-групавы (у т. л. функцыянальны аналіз), малекулярны і фазавы аналіз; у залежнасці ад прыроды рэчыва — аналіз арган. і неарган. рэчываў. Вызначэнне рэчыва ці кампанента праводзяць хімічнымі (гравіметрычны аналіз, цітрыметрычны аналіз), фізіка-хімічнымі (электрахім., фотаметрычны аналіз, кінетычныя метады аналізу), фізічнымі (спектральныя, ядзерна-фіз. і інш.) і біял. метадамі аналізу. Практычна ўсе метады аналітычнай хіміі заснаваны на залежнасці ўласцівасцяў аб’ектаў, якія можна мераць (маса, аб’ём, святлопаглынанне, эл. ток і інш.), ад іх саставу.

Заснавальнікам аналітычнай хіміі як навукі лічыцца Р.​Бойль, які ўвёў паняцце «хімічны аналіз». Класічная аналітычная хімія (17—18 ст.) выкарыстоўвала пераважна гравіметрычны і цітрыметрычны метады аналізу. Да 1-й пал. 19 ст. адкрыты многія хім. элементы, выдзелены састаўныя часткі некаторых прыродных рэчываў, устаноўлены пастаянства саставу закон, кратных адносін закон, масы захавання закон. Распрацаваны сістэматычны аналіз (ням. хімікі Г.​Розе, К.​Фрэзеніус і рус. хімік М.​А.​Мяншуткін), створаны цітрыметрычны аналіз арган. злучэнняў (ням. хімік Ю.​Лібіх). У канцы 19 ст. складалася тэорыя аналітычнай хіміі, заснаваная на вучэнні аб хім. раўнавазе ў растворах з удзелам іонаў (у асн. В.​Оствальд). У 20 ст. з’явіліся метады мікрааналізу арган. злучэнняў (аўстр. хімік Ф.​Прэгль), паляраграфіі (чэшскі хімік Я.​Гейраўскі), рус. біяхімікам М.​С.​Цветам адкрыты метад храматаграфіі (1903) і створаны яго варыянты. Развіццё сучаснай аналітычнай хіміі звязана са з’яўленнем мноства фізіка-хім. і фіз. метадаў аналізу (мас-спектраметрычны, рэнтгенаўскі, ядзерна-фізічныя). Прапанаваны плазмавыя крыніцы току для атамна-эмісійнага аналізу, распрацаваны метады фотаметрычнага аналізу, атамна-адсарбцыйнай спектраскапіі. У сувязі з неабходнасцю аналізу ядз., паўправадніковых і інш. матэрыялаў высокай чысціні створаны радыеактывацыйны аналіз, хіміка-спектральны, іскравая мас-спектраметрыя, вольтамперметрыя — метады, што дазваляюць вызначыць дамешкі ў чыстых рэчывах з канцэнтрацыяй да 10​−7—10​−8%. Распрацаваны метады неперарыўнага і дыстанцыйнага аналізу. Перавага аддаецца метадам неразбуральнага кантролю, лакальнага аналізу (рэнтгенаспектральны мікрааналіз, мас-спектраметрыя другасных іонаў і інш.). Лакальным аналізам карыстаюцца пры аналізе паверхневых слаёў цвёрдых матэрыялаў ці ўключэнняў горных парод.

Сучасная аналітычная хімія карыстаецца аўтам. ці аўтаматызаванымі варыянтамі вызначэння рэчываў. Метады аналітычнай хіміі дазваляюць кантраляваць тэхнал. працэсы і якасць прадукцыі ў многіх галінах вытв-сці, праводзіць пошук і разведку карысных выкапняў. Аналітычная хімія садзейнічала развіццю ат. энергетыкі, электронікі, акіяналогіі, біялогіі, медыцыны, крыміналістыкі, археалогіі, касм. даследаванняў. На Беларусі сістэм. даследаванні па аналітычнай хіміі пачаліся ў 1935 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фіз., хім. і геал. профілю АН, у ВНУ і ведамасных н.-д. установах. Распрацаваны шэраг храматаграфічных метадаў, выдзялення з сумесяў і вызначэння іонаў, комплексаў металаў, алкалоідаў і інш. рэчываў (пад кіраўніцтвам Р.​Л.​Старобінца); хім. метадаў вызначэння металаў (В.​Р.​Скараход); даследаваны ўплыў экстракцыйных працэсаў розных тыпаў на функцыянаванне вадкасных і плёначных іонаселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых соляў (Я.​М.​Рахманько) і сульфакіслот (У.​У.​Ягораў). Распрацаваны і ўкаранёны: аніён- і катыёнселектыўныя электроды; нітратамер і іонамер; методыкі вызначэння нітратаў, свінцу, кадмію, вісмуту, ртуці, цынку, алкалоідаў, алкілсульфатаў і інш., газахраматаграфічнага вызначэння фенолаў, пестыцыдаў у вадзе, прадуктах харчавання; экстракцыйна-спектральныя і храматаграфічныя метады аналізу с.-г. аб’ектаў; метады аналізу паўправадніковых матэрыялаў, сплаваў, плёнак, ферытаў.

Літ.:

Золотов Ю.А. Аналитическая химия: Проблемы и достижения. М., 1992.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)