МЕЛЬДЗЮКО́ВА (Акцябрына Францаўна) (29.10.1924, с. Іванаўка Бобрынецкага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.3.1996),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1948), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., характарных роляў. Найб. значныя з іх: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Наташа («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Вольга («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Беатрыса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона), Леанор («Дзяўчына са збаном» Лопэ дэ Вэгі), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага), Зоя Мікіцічна («Напярэдадні» паводле І.​Тургенева), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Ірына («Тры сястры» А.​Чэхава), Наташа і Калерыя («На дне» і «Дачнікі» М.​Горкага), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Снежная каралева (аднайм. п’еса Я.​Шварца).

Т.​Л.​Катовіч.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІКАЎ (Ілья Ільіч) (15.5.1845, в. Іванаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 15.7.1916),

расійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў эвалюц. эмбрыялогіі, стваральнік параўнальнай паталогіі запалення і фагацытарнай тэорыі імунітэту. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1902), многіх замежных АН, навуковых т-ваў і ін-таў. Брат Л.І.Мечнікава. Скончыў Харкаўскі ун-т (1864). Працаваў у Германіі і Італіі. У 1870—82 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1886 арганізаваў першую ў Расіі бактэрыял. станцыю. З 1887 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1905 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах старэння. Адначасова з А.А.Кавалеўскім вызначыў агульныя заканамернасці ў развіцці беспазваночных і пазваночных жывёл, залажыў асновы эвалюц. эмбрыялогіі. Даследаваў унутрыклетачнае страваванне і адкрыў фагацытоз. На аснове вывучэння запалення, патагенных уласцівасцей халерных і інш. мікробаў сфармуляваў агульную тэорыю запалення і фагацытарную тэорыю імунітэту. Стварыў рускую школу мікрабіёлагаў, імунолагаў і патолагаў. Нобелеўская прэмія 1908 (разам з П.Эрліхам).

Тв.:

Академическое собр. соч. Т. 1—16. М., 1950—64;

Этюды оптимизма. М., 1988.

Літ.:

Резник С.Е. Мечников. М., 1973.

І.І.Мечнікаў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЬВЯ́НКА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.

Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).

Рака Зальвянка ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МУЗЫ́ЧНЫЯ.

Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і публікуюць помнікі муз. культуры. Падзяляюцца на музеі муз. інструментаў, муз.-мемарыяльныя, муз.-гіст., муз.-тэатр., мяшанага тыпу. Маюць калекцыі муз. інструментаў, фоназапісаў, акустычных прыстасаванняў, -старадаўніх і рэдкіх рукапісаў і публікацый, аўтографаў і інш. Муз. аддзелы існуюць таксама ў многіх гіст., маст., тэатр. музеях, пры буйных муз., тэатр. і навуч. установах.

Муз. калекцыі існуюць у Еўропе з 16 ст. Вядомы калекцыі старадаўніх муз. інструментаў у Антверпене (Бельгія), Крэмоне (музей А.​Страдывары), Мілане, Неапалі, Фларэнцыі (усе Італія), Жэневе, Базелі (Швейцарыя); калекцыі муз. інструментаў народаў свету — у Бруселі, Парыжы, Капенгагене, Берліне, Познані (Польшча), Стакгольме, Лісабоне; музей арганаў і муз. машын у Тэрсфардзе (Вялікабрытанія), міжнар. музей валынак у Гіёне (Іспанія); гісторыі еўрап. муз інструментаў у Тронхейме (Нарвегія), Брытанскі музей фп. ў г. Брэнтфард, а таксама многія калекцыі муз. інструментаў у Германіі, ЗША, на Кубе, у Канадзе, Эквадоры, Аргенціне, Бразіліі і інш. У краінах Азіі і Афрыкі муз. інструменты экспануюцца звычайна ў нац. музеях. Асноўныя мемар. М.м. і даследчыя цэнтры: І.​С.​Баха (Айзенах, Арнштат, Лейпцыг; Германія), В.​Беліні (Катанія, Італія), Г.​Берліёза (Ла-Кот-Сент-Андрэ, Францыя), Л.​Бетховена (Бон, Вена), Р.​Вагнера (Айзенах, Байройт, Германія; Люцэрн, Швейцарыя), І.​Гайдна (Вена, Айзенштат, Рораў; Аўстрыя), Г.​Ф.​Гендэля (Гале, Германія), Э.​Грыга (Трольхаўген, Нарвегія), А.​Дворжака (Прага, Нелагазевес, Чэхія), С.​Дзягілева (Венецыя, Італія), Ф Ліста (Веймар, Германія), В.​А.​Моцарта (Зальцбург, Вена, Аўстрыя; Аўгсбург, Германія; Прага), І.​Стравінскага (Венецыя). Найбуйнейшыя еўрап. муз.-тэатр. музеі — у т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн». У Расіі буйнейшыя калекцыі муз. інструментаў — Калекцыя унікальных муз. інструментаў (Масква, 1919), збор муз. інструментаў Санкт-Пецярбургскай дзярж. тэатр. акадэміі (1940), калекцыя муз. інструментаў Дзярж. цэнтр. музея муз. культуры імя Глінкі (Масква, 1943) і інш. Асн. мемар. музеі: Дамы-музеі П.​Чайкоўскага (г. Клін Маскоўскай вобл., г. Воткінск, Удмурцкая Рэспубліка), Музейкватэра А.​Скрабіна (Масква), Літ.-мемар. музей А.​Пушкіна і Чайкоўскага (г. Каменка Чаркаскай вобл.), Дом-музей (г Ціхвін Ленінградскай вобл.) і Музей-кватэра (С.-Пецярбург) М.​Рымскага-Корсакава, Музей-сядзіба М.​Мусаргскага (в. Навумава Пскоўскай вобл.), Музей-кватэра (С.-Пецярбург) і Дом-музей (Масква) Ф.​Шаляпіна, Дзярж. цэнтр. музей муз. культуры імя Глінкі і Музей-сядзіба Глінкі (с. Наваспаскае Смаленскай вобл.), Мемар. музей С.​Рахманінава (с. Іванаўка Тамбоўскай вобл.) і інш. Муз.-тэатр. музеі існуюць пры Вял. т-ры ў Маскве, Марыінскім, т-ры оперы і балета імя М.​Мусаргскага ў С.-Пецярбургу і інш.

На Беларусі матэрыялы па гісторыі муз. культуры захоўваюцца і экспануюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Дзярж. музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Сядзібе-музеі С.​Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў), у архіўных установах і б-ках. Перыядычна наладжваюцца выстаўкі муз. інструментаў (Віцебск, Мінск, Браслаў, выстаўка званоў у Гродне і інш.).

Т.​А.​Цітова.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)