участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦА, Рыца Вялікая,
возера ў Абхазіі (Грузія), на У ад Гагрскага хр., на выш. 950 м. Пл. 1,49 км². Даўж. 2,5 км, найб.шыр. 1,1 км, сярэдняя глыб. 63 м, найб. 116 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання. Возера ўтварылася ў выніку выкліканага землетрасеннем абвалу г. Пшэгішхва, які запрудзіў р. Лашыпсе. Берагі высокія, парослыя букавымі і хваёва-піхтавымі лясамі. У Р. ўпадаюць 6 рэчак, выцякае р. Юпшара (бас.р. Бзыб). Паблізу Р. на выш. 1235 м — воз. Малая Р. (пл. 0,2 км²). Уваходзіць у склад Рыцынскага запаведніка. Раён турызму і адпачынку. Шаша злучае Р. з курортамі Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. На беразе возера горнакліматычны курорт. Засн. ў 1946. Клімат субтрапічны вільготны, станоўча ўплывае пры захворваннях органаў дыхання, нерв. і сасудзістай сістэм. Курортная гасцініца, дом адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕРБЕРА́ЦЫЯ (позналац. reverberatio адбіццё ад лац. reverbere адкідваю),
з’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку. Р. наз. таксама паслягучанне, якое назіраецца на моры ў выніку адбіцця і рассеяння зыходнага гуку ад дна (донная Р.), усхваляванай паверхні (паверхневая Р.) і неаднароднасцей воднага асяроддзя, рыб і інш. (аб’ёмная Р.).
Абумоўлена прыходам у дадзены пункт адбітых (рэха) і рассеяных гукавых хваль Працягласць Р. — час, за які інтэнсіўнасць гуку змяншаецца ў 106 разоў, а яго ўзровень — на 60 дБ. Р. ўплывае на чутнасць і разборлівасць мовы і музыкі ў памяшканнях: празмерная Р. вядзе да непрыемнай гучнасці гуку, недастатковая — да рэзка перарывістага ці глухога гучання. З’ява Р. вывучаецца ў акустыцы архітэктурнай, улічваецца пры буд-ве памяшканняў з павышанымі акустычнымі якасцямі (тэатры, канцэртныя залы, храмы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст.Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.Г.Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,
сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.
Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (), сярэднямасавую (); Z-сярэднюю (), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл.Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні
. М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 105 да 3∙105).
распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць 1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,
уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H+) больш за 1 × 10−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ РЫ́НАК,
сістэма ўстойлівых таварна-грашовых адносін паміж краінамі, якія звязаны ўдзелам у міжнародным падзеле працы; сукупнасць нац. рынкаў, якія ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць праз розныя формы эканам. адносін. С.р. узнік у 16 ст. на мануфактурнай стадыі развіцця грамадскай вытв-сці. Пачаў актыўна фарміравацца пад уплывам руху гандлёвага капіталу, які эканамічна і палітычна ўсталяваўся ў большасці еўрап. краін. Наступная стадыя развіцця С.р. звязана з прамысл. рэвалюцыяй 18—19 ст., якая буйную прам-сць паставіла ў залежнасць ад знешняга гандлю. Завяршальны этап яго фарміравання адносіцца да канца 19 — пач. 20 ст., характарызуецца ростам міжнароднага гандлю, зменамі ў структуры гандл. патокаў, якія ўзаемна пераплялі нац. эканомікі. С.р. актыўна ўплывае на эканам. адносіны і макраэканам. раўнавагу адасобленых гасп. сістэм, інтэрнацыяналізацыю вытв-сці і капіталу. На аснове канкурэнтнай барацьбы вызначае структуру і аб’ём экспарту тавараў, узровень міжнар. падзелу працы, міграцыі рабочай сілы і інш.Гл. таксама Сусветная гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,
слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл.Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн.км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн.км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб.выш. С.п. ў канцы лютага — пач.сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.