Су́здаль ’высокі нязграбны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), су́здыль ’сухі, танклявы чалавек’ (Бяльк.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны дэрыват ад суздо́ліць < здо́лець (гл.); першапачаткова, верагодна, у іранічным ужыванні. Трубачоў (Труды 1, 304) лічыць выпадковым фармальнае супадзенне з назвай горада рус. Суздаль (для якой прапануецца этымон *суздаль ’глінабітнае або цаглянае збудаванне’, параўн. ст.-слав. създати ’збудаваць’) і мяркуе пра балтыйскае паходжанне з формы, блізкай да літ. sausuõlis ’сухое дрэва’, што таксама няпэўна. Не выключаю ўтварэнне на базе шырока вядомых на ўсходзе Беларус! назваў гандляроў-разносчыкаў суздала, суздальцы, што паходзілі ад назвы горада.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odr ’стоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)