БЁРК ((Burke) Эдмунд) (12.1.1729, Дублін — 9.7.1797),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі, публіцыст, філосаф. Першапачаткова адзін з лідэраў вігаў, пасля 1788 наблізіўся да торы. Выступаў супраць узмацнення каралеўскай улады, за больш актыўную ролю парламента і паліт. партый. У час вайны за незалежнасць у Паўд. Амерыцы (1775—83) быў прыхільнікам кампрамісу з паўстанцамі, патрабаваў ліквідаваць рабаўладальніцтва. У працы «Роздум аб Французскай рэвалюцыі» (1790) з кансерватыўных пазіцый абвяргаў ідэі рэвалюцыі і Асветніцтва. Стваральнік ідэалогіі кансерватызму. Асуджаў тэорыю і практыку грамадскіх пераваротаў, ідэям франц. рэвалюцыі проціпастаўляў канцэпцыю нацыі як «саюза пакаленняў» — арган. цэласнасці, сфарміраванай у ходзе гіст. працэсу. У эстэтыцы развіваў паняцце аб прыгожым, разумеючы яго як аб’ектыўную ўласцівасць прадметаў.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЯЛЮ́К (Аляксандр Пятровіч) (парт. псеўд. Эдмунд Стафанскі, Олек, Зянон; 30.11.1897, Варшава — люты 1937),

дзеяч Кампартыі Польшчы і КПЗБ. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Чугуеўскага рэўкома. З 1919 у Польшчы. У 1921—23 сакратар акр. к-та Дамброўскага басейна КПП, чл. ЦК Кампартыі Усх. Галіцыі, у 1923—29 канд. у чл. ЦК КПП. Удзельнік арганізац. афармлення КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПП на II (1924) канферэнцыі КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат V (1924) кангрэса Камінтэрна. За рэв. дзейнасць тройчы арыштаваны польск. ўладамі. У 1930 у апараце Выканкома Камінтэрна. У 1931—35 у Кампартыі Румыніі: чл. ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 у СССР на гасп. рабоце. У лют. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГІ (Дарэўскія, Вярыгі-Дарэўскія, Вярыгі-Дароўскія),

шляхецкі род ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі. Меў 3 лініі: бел.-літ. з гербам «Шранява», украінскую і галіцкую. Упамінаюцца з 14—15 ст. Найб. вядомыя:

Ігнацій (1397—1470), пачынальнік бел.-літ. лініі роду, полацкі намеснік. Францішак (каля 1700, Міншчына — каля 1761), генерал войск Рэчы Паспалітай і Расіі, ад’ютант А.Д.Меншыкава. Ежы (1734—1805), палкоўнік войск Рэчы Паспалітай, удзельнік Барскай канфедэрацыі, ваен. дзеянняў супраць рас. войск у 1792, паўстання 1794. Пасля ў эміграцыі, змагаўся ў легіёнах Я.​Г.​Дамброўскага, удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах. Антон (1774, мяст. Свіслач — 1838), генерал войск Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць рас. войск у 1792, паўстанні 1794, змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. У 1812 ваен. міністр Варшаўскага герцагства. Арцём Ігнатавіч, гл. Вярыга-Дарэўскі А.І. Кацярына Канстанцінаўна, гл. Брэшка-Брашкоўская К.К. Эдмунд Іванавіч, гл. Вярыга Э.І.

А.​М.​Філатава.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАВУ́ХАЎ (Яўген Аляксандравіч) (23.2.1917, в. Масеева Наваржэўскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.2.1984),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1939). Працаваў у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі (1939—41, 1945—64). З 1964 у Маск. т-ры імя Маякоўскага. Выканаўца героіка-рамант. і характарных роляў. У творчасці спалучаў востры сцэн. малюнак з эмацыянальнасцю выканання. Сярод роляў у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Эдмунд («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Барыс Гадуноў («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Камандзір карабля («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Эдлай Гамільтан («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані). Зняўся ў бел. кінафільмах «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

Літ.:

Атрошчанка А. На шляху творчай сталасці // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Г.​Р.​Герштэйн.

Я.А.Карнавухаў.
Я.Карнавухаў у ролі Эдмунда.

т. 8, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІНСАН ((Martinson) Хары Эдмунд) (6.5.1904, Емсхэг, Швецыя — 11.2.1978),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1949). Друкаваўся з 1927. Першы зб. паэзіі — «Карабель-прывід» (1929). У паэт. зб. «Качэўнік» (1931), кнігах нарысаў «Падарожжа без мэты» (1932), «Мыс Фарвэл» (1933) спалучэнне рэаліст. і імпрэсіянісцкіх метадаў. Уражанні нялёгкага юнацтва ў цэнтры аўтабіягр. раманаў «Крапіва цвіце» (1935), «Дарога ў жыццё» (1936).

Прырода ў яе суаднесенасці з найважнейшымі праблемамі чалавечага быцця — гал. тэма зб-каў паэзіі «Прырода» (1934), «Пасат» (1945), «Цыкада» (1953), рамана «Дарога ў Царства Званоў» (1948), у якім рэалізм цесна пераплятаецца з рамант. рысамі. Да наватарскага жанру эпічнай паэмы-антыутопіі належыць «Аніяра» (1956), поўная роздуму пра чалавека і свет, лёс сучаснай цывілізацыі і жыцця на зямлі. Аўтар п’есы «Тры нажы з краіны Вэй» (1964), зб-каў лірыкі «Вершы пра святло і цемру» (1971), «Лясныя ўзгоркі» (1973), «Па сцежках рэха» (1978), «Дарыды» (выд. 1980). Нобелеўская прэмія 1974 (з Э.Юнсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1984.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Марцінсан.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.​В.​Краснова.

Э.Гусерль.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.​Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.​Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.​Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

У.А.Куляшоў.
У.Куляшоў у ролі Гаева.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)