чы́хаўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Разм. Тое, што і чханне. Востра, да чыхаўкі, пахне зляжалым пылам. Кудравец. — У Май, пабольвала галава, ды часам у асеннюю слату нападала чыхаўка і насмарк. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чиха́нье чха́нне, -ння ср.;
◊
на вся́кое чиха́нье не наздра́вствуешься посл. на ко́жны чых не наздаро́ўкаешся; на ко́жны гук не адгу́каешся;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
чох м., разг. чых, род. чы́ху м., чха́нне, -ння ср., чы́хаўка, -кі ж.;
◊
не ве́рить ни в чох, ни в сон погов. не ве́рыць ні ў чых, ні ў сон.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ГРЫП (франц. grippe ад gripper схопліваць),
вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.
Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.
А.П.Красільнікаў.
т. 5, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чих разг.
1. м., сущ. чых, род. чы́ху м.; чха́нне, -ння ср.;
2. межд. чых, ачхі́, апчхі́;
◊
на вся́кий чих не наздра́вствуешься посл. на ко́жны чых не наздаро́ўкаешся; на ко́жны гук не адгу́каешся.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
чхаць, чхаю, чхаеш, чхае; незак.
1. Міжвольна рэзка выдыхаць паветра носам і ротам, выдзяляючы слізь і ўтвараючы шумныя рэзкія адрывістыя гукі. Стоячы на сонцы, ад спёкі шырока пазяхалі дзеці, чхалі ад папаўшага ў нос пылу. Галавач. Хоць адчувалася духата, але вокнаў яшчэ ніхто не адважваўся адчыняць: некаторыя чхалі і кашлялі. Няхай.
2. Разм. Утвараць кароткія рэзкія адрывістыя гукі, падобныя на чханне (пра работу матора, рухавіка і пад.). Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Пташнікаў. А можа, гэта была і не станцыя: толькі чхалі белай парай паравозы, грукаталі на стыках колы вагонаў, падслепавата мігалі семафоры. Сабаленка.
3. перан., на каго-што. Разм., груб. Не звяртаць увагі; выказваючы пагарду, знявагу ў адносінах да каго‑н. Вядома, пан чхаць хацеў на законы, а ўсё ж не чапаў Сіланція. Жычка. Здавалася, што Юру, які чхаў на свае абавязкі перад другімі, павінна быць лёгка ў жыцці. Карпаў. — Чхаў я на Фогеля, — ваяўніча заяўляе Хадоська. — Ён сам баіцца. Навуменка.
4. перан. Разм. Імчацца; ехаць; ісці. А праз кароткую хвіліну Антось садзіўся на машыну. На паравозе без білета Чхаў да Баранавіч дасвета. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)