род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.
Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЦЫ́С (Narcissus),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Трапляюцца ў вільготных месцах, на высакагорных і далінных лугах, травяністых схілах гор. Культывуюць са стараж. часу, вядома больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі вырошчваюць каля 40 сартоў Н. гібрыднага (N. hybridus).
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лінейнае. Кветанос бязлісты, выш. да 0,5 м. Кветкі белыя, жоўтыя, адзіночныя ці ў гронках, у некат. пахучыя; эфірны алей з іх выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя. Ранневеснавыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.