паўзмро́чны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім асветлены, цемнаваты. Ачуўся .. [Язэп] у сырым паўзмрочным сутарэнні. Гуло ў скронях, і балюча было павярнуць галаву. Асіпенка. Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цемнава́та,

1. Прысл. да цемнаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра няпоўную цемнату дзе‑н. У гумне было досыць свежа і цемнавата, хоць з-пад шчыта сюды ўрываліся косы вясенняга сонца, а праз няшчыльна зложаныя сцены свіцілася яснае неба. Колас. У хаце было цемнавата. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эста́мп, ‑а, м.

Адбітак якога‑н. відарыса на паперы, тканіне, пергаменце і пад., зробленага самім мастаком або майстрам-гравёрам. [Зося] хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах.. і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках. Шамякін.

[Фр. estampe ад іт. stampa — друк, адбітак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смярдзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Вылучаць смурод, дрэнна пахнуць. Моцна смярдзеў тлеючы торф. Машара. / у безас. ужыв. Моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. Быкаў. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым. Чарнышэвіч. // Быць насычаным чым‑н., прапахнуць чым‑н. Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Мурава́ты, мурова́ты ’цёмна-шэры’ (ТС), му́ры ’светла-карычневай масці’ (мазыр., З нар. сл.), ’цёмна-сівы’ (лельч., Нар. лекс.), ’смуглы, светла-карычневы’ (ТС), рус. мурый ’цёмна-карычневы’, укр. му́рий ’цёмна-шэры з плямамі (аб масці)’, ’смуглы’, чэш. mourovatý ’пачарнелы, цемнаваты’, moura ’шэрая (бурая) карова’. Да прасл. murъ, і.-е. адпаведнікамі якога з’яўляюцца: ст.-грэч. ἀμαυρός ’цёмны’, аркадск. μαῦρος, с.-грэч. μαῦρος ’цёмны, чорны’ (Цупіца, BB, 25, 101; Фасмер, 3, 15; Махэк₂, 377).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)