НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,
балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.Ц.Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.
М.І.Ермаловіч.
т. 11, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА́ЧПЛЕСІС»,
латышскі гераічны эпас. Складзены ў 1888 А.Пумпурам на аснове лат. фальклору (казак, паданняў) і сярэдневяковых хронік. Вытрыманы ў асн. памеры лат. нар. песень (харэй у спалучэнні з дактылем). Персанаж чарадзейных казак Лачплесіс (Той, хто раздзірае мядзведзя) ператвораны Пумпурам у эпічнага волата, нац. героя, правадыра народа ў барацьбе супраць ням. рыцараў. У «Л.» выкарыстаны традыц. эпічныя сюжэты: першы подзвіг героя, гераічныя вандраванні (на зачараваны востраў), жаніцьба на дзеве — памочніцы волата Лаймдата, барацьба з ведзьмаком Кангарам і інш. Лачплесіс перамагае ў паядынку Цёмнага рыцара, але гіне сам; народ чакае вяртання героя і канчатковага вызвалення ад занявольнікаў. На аснове «Л.» ўзнік другасны фальклор (паданні).
Публ.: Пумпур А. Лачплесис. М., 1975.
т. 9, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЯШО́НАК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 14.10.1929, в. Кіктараўка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1964 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Мінскай ВПШ, з 1991 у Ін-це гіст.-паліт. даследаванняў, з 1992 гал. рэдактар Арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Даследуе гісторыю барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Адзін з аўтараў выданняў «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4, 1975) і інш.
Тв.:
Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». Мн., 1984;
Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1988;
Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!» Мн., 1996.
т. 9, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.
Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст. — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст. «Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел. гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.
В.А. Чамярыцкі.
т. 9, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),
польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл. Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл. Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.
т. 8, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,
помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш. гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
В.А.Чамярыцкі.
т. 4, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял. Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
С.П.Самуэль.
т. 12, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр. Лявонаў) Леанід Кірэевіч
(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.
Тв.:
Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.
Літ.:
Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;
Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)