БЕ́РАС (Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),

вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ДЗІКІ»,

зборнік яп. міфаў і хронік, найб. стараж. пісьмовы помнік Японіі. Складзены ў 712 вучоным Она Ясумара паводле задання ўрада з мэтай абгрунтавання «боскага» паходжання яп. імператараў. Ахопліваюць перыяд ад т. зв. эры багоў да праўлення імператрыцы Суйко [593—628]. Паводле К., заснаванне яп. дзяржавы (660 да н.э.) прыпісваецца богу Дзіму-Тэно. К. ляглі ў аснову сінтаізму. Яны выкарыстоўваліся таксама для абгрунтавання культу імператара і ваяўнічай знешняй палітыкі.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ЛАРЫ (Malory) Томас [каля 1417, Уорыкшыр, Вялікабрытанія — 14(?).3.1471], англійскі пісьменнік. Сабраў і апрацаваў сюжэты шматлікіх легенд, паданняў, раманаў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала, на іх аснове стварыў рыцарскую эпапею «Смерць Артура» (1469), у якой паказаў крушэнне феад. рыцарства, адлюстраваў настроі эпохі Стогадовай (1337—1453) і Пунсовай і Белай ружы (1455—85) войнаў. Блізкі да гіст. хронік раман М. паўплываў на развіццё англ. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Смерть Артура. Кн. 1—3. М., 1991.

Літ.:

Мортон А.Л. От Мэлори до Элиота. М., 1970.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,

балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.​Ц.​Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛА́ЧПЛЕСІС»,

латышскі гераічны эпас. Складзены ў 1888 А.​Пумпурам на аснове лат. фальклору (казак, паданняў) і сярэдневяковых хронік. Вытрыманы ў асн. памеры лат. нар. песень (харэй у спалучэнні з дактылем). Персанаж чарадзейных казак Лачплесіс (Той, хто раздзірае мядзведзя) ператвораны Пумпурам у эпічнага волата, нац. героя, правадыра народа ў барацьбе супраць ням. рыцараў. У «Л.» выкарыстаны традыц. эпічныя сюжэты: першы подзвіг героя, гераічныя вандраванні (на зачараваны востраў), жаніцьба на дзеве — памочніцы волата Лаймдата, барацьба з ведзьмаком Кангарам і інш. Лачплесіс перамагае ў паядынку Цёмнага рыцара, але гіне сам; народ чакае вяртання героя і канчатковага вызвалення ад занявольнікаў. На аснове «Л.» ўзнік другасны фальклор (паданні).

Публ.: Пумпур А. Лачплесис. М., 1975.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМЯШО́НАК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 14.10.1929, в. Кіктараўка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1964 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Мінскай ВПШ, з 1991 у Ін-це гіст.-паліт. даследаванняў, з 1992 гал. рэдактар Арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Даследуе гісторыю барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Адзін з аўтараў выданняў «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4, 1975) і інш.

Тв.:

Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». Мн., 1984;

Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1988;

Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!» Мн., 1996.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.

Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст. «Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел. гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.

В.А. Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),

польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.​Длугаша, Мацея з Мехава, Б.​Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.

А.​А.​Семянчук.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,

ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл. Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл. Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)