Левулёза, гл. Фруктоза

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пладовы цукар, гл. Фруктоза

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,

біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з ўтварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-т і г.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі і інш.).

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСО́ЗЫ,

монацукрыды з 6 вугляроднымі атамамі ў малекуле (C6H12O6). Знаходзяцца ў раслінных і жывёльных тканках у свабодным стане і ў поліцукрыдах. Гексозы, якія маюць у малекуле альдэгідную групу, адносяцца да альдоз (глюкоза, маноза, галактоза), кетонную — да кетоз (фруктоза). Найб. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

левулёза

(ад лац. laevus = левы)

тое, што і фруктоза.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МОНАЦУКРЫ́ДЫ, простыя цукры,

група вугляводаў, якія гідралітычна не расшчапляюцца і маюць агульную формулу CnH2nOn (n = 3−9). Упершыню сінтэз М. ажыццявіў А.М.Бутлераў (1861). Уяўляюць сабой звычайна альдозы ці кетозы. Па колькасці атамаў вугляроду адрозніваюць ніжэйшыя М. (трыёзы, тэтрозы), звычайныя (гексозы, пентозы) і вышэйшыя (актозы, гептозы, нанозы). Ёсць у саставе ўсіх жывых арганізмаў у свабодным стане (глюкоза, фруктоза) і ў складаных злучэннях (напр., глікапратэідах, поліцукрыдах, гліказідах, фосфарных эфірах і інш.). Выкарыстоўваюцца арганізмамі на будову клетачных структур, маюць вял. значэнне ў абмене рэчываў.

М. — крышт. рэчывы, салодкія, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры Акрамя карбанільнай і гідраксільных груп у малекулу М. могуць уваходзіць замест ОН-групы атам вадароду, амінагрупа NH2 і інш. Атрымліваюць М. кіслотным гідролізам поліцукрыдаў (напр., глюкозу з крухмалу). Некат. М. (глюкоза, фруктоза) уваходзяць у састаў харч. прадуктаў, выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і медыцыне.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

монацукры́ды

(ад мона- + цукрыды)

клас арганічных злучэнняў, простыя вугляводы, няздольныя да гідролізу (напр. глюкоза, фруктоза).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЬ,

салодкія густыя выдзяленні насякомых, што жывяцца расл. сокамі: даўганосікаў, лістаблошак, тлей, чарвяцоў і інш. Паяўляецца звычайна на лісці дрэў, кустоў, пры багатым выдзяленні (найб. ў гарачае надвор’е) падае дробнымі кропелькамі (адсюль назва).

Свежавыдзеленая П. празрыстая, на паветры хутка цямнее і загусае. Мае 5—18% сухога рэчыва. 90—95% якога складаюць вугляводы: менш, чым у нектары, монацукрыдаў (глюкоза, фруктоза), больш алігацукрыдаў (цукроза, мелецытоза) і дэкстрынаў, астатняе — спірты (маніт, дульцыт), ферменты, амінакіслоты, аміды, арган. к-ты, мінер. рэчывы і інш. Як і мядовая раса, збіраецца пчоламі (пры недахопе меданосаў і інш.) і перапрацоўваецца імі ў падзевы мёд.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гексо́зы

[ад гр. heks = шэсць + (глюк)оза]

вугляводы групы монацукрыдаў, якія змяшчаюць 6 атамаў вугляроду (напр. глюкоза, фруктоза) і знаходзяцца ў арганізме чалавека, жывёл і раслін у вольным стане і ў складзе поліцукрыдаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)