ВАЛЕ́НТ (Флавій) (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),
рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх.ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым.прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст.н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара Іудзеі Ірада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЦЫЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Domitianus; 24.10.51, Рым — 18.9.96),
рымскі імператар [81—96). Апошні з дынастыі Флавіяў, малодшы сын Веспасіяна. У 83 перамог герм. племя хетаў, арганізаваў буд-ва лімеса (сістэма пагран. умацаванняў), засн. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 85—92 вёў барацьбу на Дунаі супраць цара дакаў Дэцэбала, у 89 вымушаны быў заключыць мір, паводле якога рымляне абавязваліся выплачваць дакам штогоднюю даніну. Праводзіў самадзяржаўную палітыку, абмяжоўваў уплыў сената, абапіраўся на саслоўе коннікаў і войска, загадаў называць сябе «гаспадаром і богам», што выклікала апазіцыю сената. Забіты ў выніку змовы і пракляты сенатам Біяграфія Д. выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́Н (Флавій) (Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым.прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна I, пасля яго смерці (375) правіў зах.ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж.рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПАСІЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Vespasianus; 17.11.9, Фалакрыны, каля г. Рыеты, Італія — 24.6.79),
рымскі імператар [69—79], заснавальнік дынастыі Флавіяў. Нарадзіўся ў сям’і конніка, першы імператар несенатарскага паходжання. У часы Тыберыя ўвайшоў у склад сената. Камандаваў адным з рэйнскіх легіёнаў, удзельнічаў у заваяванні Паўд. Брытаніі. У 51 абраны консулам. У 67 удзельнічаў у задушэнні антырым. руху (гл.Іудзейская вайна 66—73). Летам 69 легіёны ўсх. правінцый абвясцілі Веспасіяна імператарам. Ажыццявіў шэраг рэформаў (у т. л. пашырыў на правінцыялаў права на рым. грамадзянства), умацаваў сац. базу імперыі, увёў новыя падаткі, скараціў армію і інш. Падтрымліваў навуку і мастацтва. У часы Веспасіяна ўзведзены шматлікія будынкі ў Рыме (у т. л. Калізей) і ў правінцыях. Біяграфія Веспасіяна выкладзена Светоніем.
польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.