помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. ў в. Латыгаль Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1771 як уніяцкая па фундацыі графа Салагуба. Складаецца з 2 амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невял.
трохвугольныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Гал. фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкар. шалёўкай і вял. лучковым аконным праёмам у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай. Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зруба невысокія квадратныя сакрысціі. У архітэктуры спалучаюцца рысы традыц.нар. дойлідства і стылю барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ШЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.
Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав.ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́БІЧЫ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).
Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв.ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял.Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.
Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).