КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),

гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац. вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал. ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.​Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.

Літ.:

Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ. зб. Мн., 1990. [Вып. 1].

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),

украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.​С.​Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр. старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.

С.​Б.​Каўн.

І.І.Скарападскі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)