Умань

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА Іван

(?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),

адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.Р.Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯШЭ́ЎСКІ Мікалай Фядотавіч

(12.10.1867, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 21.4.1926),

украінскі археолаг, этнограф, мастацтвазнавец. Акад. АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскі ун-т. У 1902—23 дырэктар Кіеўскага гіст. музея. Рэдактар зб. «Археологическая летопись Южной России» (т. 1—3, 1899—1901) і час. з той жа назвай (1903—05). У 1890-я г. даследаваў паселішчы на Зах. Бугу, на Гомельшчыне, у Сярэднім Падняпроўі. Аўтар прац па археалогіі і ўкр. арнаментыцы.

Тв.:

Несколько новых стоянок каменного века по Днепру и его притокам // Киевская старина. 1891. Т. 32, № 3;

Дюнные стоянки неолитической эпохи на берегах р. Западного Буга в среднем его течении // Тр. одиннадцатого Археологического съезда в Киеве, 1899. М., 1901. Т. 1.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 2012 тыс. чал. (1995), гарадскога 45%. Цэнтр — г. Вінніца. Найб. гарады: Жмерынка, Магілёў-Падольскі, Хмяльнік.

Прырода. Большая ч. тэр. размешчана ў межах Падольскага (выш. да 362 м) і Прыдняпроўскага (выш. да 323 м) узвышшаў. Паверхня — хвалістая раўніна, пераважаюць выш. 200—300 м. Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, мергелі, вапнякі, кааліны, фасфарыты, мел, гіпс, гліны, пяскі, торф і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокамі Згар, Дзясна, Соб, Днестр (на мяжы з Малдовай) з прытокамі Лядава, Нямія, Мурафа. Міннер. крыніцы. Вінніцкая вобласць размешчана ў лесастэпавай зоне. Пашыраны чарназёмныя, шэрыя і светла-шэрыя глебы. Стэп узараны; пад невял. ўчасткамі лесу (з дубу, грабу, ясеню, ліпы, клёну) 12% тэрыторыі.

Гаспадарка. Развіта харчасмакавая прам-сць (цукровая — каля 40 заводаў, мяса-малочная, алейнатлушчавая, плодакансервавая, спіртавая і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для харч. прам-сці; трактарныя агрэгаты, падшыпнікі, інструменты, прылады, электронная апаратура і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні), лёгкая (абутковая, швейная, трыкат., футравая), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча каалінаў, граніту, вапнякоў, глін. Ладыжынская ДРЭС. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, гародніну, з тэхнічных — цукр. буракі і сланечнік. Садаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак: Кіеў—Вінніца—Магілёў-Падольскі, Хмяльніцкі—Жмерынка—Адэса, Шапятоўка—Калінаўка—Умань, Жытомір—Вінніца—Першатравенск. Аўтадарогі Жытомір—Вінніца—Кішынёў, Хмяльніцкі—Вінніца—Умань. Суднаходства па Дняпры і Паўн. Бугу. Курорты Хмяльнік і Пячэра.

С.І.Сідор.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)