КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл. таксама Сіласаўборачны камбайн).

К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.

Схема кормаўборачнага камбайна з жняяркай для ўборкі траў: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3 — шнэк; 4 — вальцы сілкавальнага апарата; 5 — здрабняльны барабан; 6 — сіласаправод; 7 — рухавік.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),

гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́РНІК-ЗМЯША́ЛЬНІК КАРМО́Ў,

машына для прыгатавання кармавых сумесей здробненых с.-г. прадуктаў у сырым і запараным выглядзе, а таксама для змешвання сакавітых і грубых кармоў з канцэнтратамі, травяной мукой і інш. кармавымі дабаўкамі перад скормліваннем іх жывёле. Выкарыстоўваюцца З.-з.к. прадукцыйнасцю ад 2 да 5 т/гадз (з запарваннем) і да 10 т/гадз (без запарвання). Могуць працаваць як самастойныя машыны, так і ў тэхнал. лініях кармацэхаў. Запарнікі кармоў (бульбазапарачныя агрэгаты) прызначаныя для мыцця, запарвання, здрабнення і выгрузкі бульбы. Працуюць у цыклічным або бесперапынным рэжыме. Маюць запарачны чан умяшчальнасцю 3 м³, мыйку, загрузачныя і выгрузачныя шнэкі, транспарцёр і інш. Прадукцыйнасць да 3 т/гадз.

Запарнік-змяшальнік кармоў С-2.
Да арт. Запарнік-змяшальнік кармоў. Схема бульбазапарачнага агрэгата: 1 — мыйка; 2 — гразевыгрузачны транспарцёр; 3 — загрузачны шнэк; 4 — запарачны чан; 5 — параразмеркавальнае прыстасаванне; 6 — выгрузны шнэк; 7 — мялка; 8 — шнэк для выгрузкі мязгі.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛЯВА́ННЕ (ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гадзю́ка, ‑і, ДМ ‑дзюцы; Р мн. ‑дзюк; ж.

1. Ядавітая змяя шэрага колеру з чорнай зігзагападобнай паласой уздоўж спіны. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. В. Вольскі.

2. Разм. лаянк. Пра небяспечнага шкоднага чалавека. Людзі маўчалі: такі час, можа знайсціся гадзюка якая, і тады памінай, як чалавека звалі. Шчарбатаў.

•••

Гадзюка падкалодная — тое, што і змяя падкалодная (гл. змяя).

Прыгрэць гадзюку на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трава́ ’сям’я раслін Gramineae з аднагадовымі зялёнымі парасткамі і сцяблом’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Стан., Бяльк., Бес., ТС, Сл. ПЗБ), ’трава, злакі’ (Байк. і Некр.), траві́на ’асобнае каліва травы’, ’трава наогул’, ’высахлая трава’ (Юрч. Вытв., ТСБМ; мёрск., Нар. словатв.), траві́ца ’траўка’ (Гарэц.), траві́шча ’густая высокая трава’ (Жд. 2), траваюжышча ’тс’ (Юрч. Мудр.), тро́ўка ’трава’ (Растарг.; люб., Ск. нар. мовы), траві́нка ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС), зборн. траўё ’крапіва, бадылле’ (Бяльк.), коньска трава ’канюшына’ (дзісн., Яшк. Мясц.). Укр., рус. трава́, стараж.-рус. трава, трѣва ’трава, сена’, польск. trawa, н.-луж. tšawa, в.-луж. trawa, чэш., славац. tráva, славен. tráva, серб. тра́ва, харв. tráva, trāvȁ, trōvȁ; макед. трева, дыял. трава; балг. трева́ ’трава’, ’зёлкі’; ст.-слав. трѣва, трава ’трава’, ’маладая зелень’, ’расліны, атожылкі’. Прасл. *trava, *trěva, утвораныя ад дзеяслова *truti. Першапачаткова *trava, *trěva — ’тое, што спажываецца’, ’корм’ > ’зялёная паша’ > ’расліны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашы’ > ’трава — зялёная ці скошаная’ (Фасмер, 4, 91–92; Махэк₂, 650; Бязлай, 4, 214–215; Борысь, 640; Сной₂, 778; ЕСУМ, 5, 613). Скок (3, 494) наяўнасць паралельных праславянскіх форм тлумачыць варыянтнай мяккасцю зычнага ‑r‑ у *trěva. Гл. таксама траві́ць1. Сюды ж травя́нік ’лякарства з траў’ (Жд. 1), травя́нка ’фарбы, прыгатаваны з травы’ (ТСБМ), травасто́й ’травяное покрыва лугоў, сенажацей, пашы’ (ТСБМ), траве́ць ’зарастаць травою, пустазеллем’ (Касп., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.), травяне́ць ’тс’ (ТСБМ, Гарэц.), травяні́цца ’тс’ (Юрч.), траві́ць ’лячыць травамі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тра́ўлены ’травяны’, тра́ўля́ны (лён) ’лён, у якім расце шмат травы, пустазелля’ (ТС), траўляны́й ’травяністы’ (стол., Нар. лекс.), травяні́сты, травяны́ ’багаты травой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), травяно́й ’тс’ (Юрч. Вытв.), траўлі́вы ’травяністы, багаты на траву’ (ашм., Стан.), траўны́: траўное карэньне ’ядомае карэнне’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)