Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́пкі1 ’балоцісты, гразкі, багністы; пра сыпучы грунт’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’ужываецца са словамі луг, сенажаць, балота, бераг (вадаёма), дно (вадаёма); такі, у якім не загразнеш’ (Янк. 2), ’гразкі, багністы’ (ТС), ’цвёрды (дзе не загразнеш)’ (узд., Сл. ПЗБ), то́пкій ’гразкі (бераг і пад.)’ (Бяльк.), ст.-бел. топкий ’гразкі, багністы’ (КГС). Вытворнае ад тапі́ць1, гл.

То́пкі2 ’тлусты, які дае многа тлушчу пры тапленні’ (Скарбы; стаўб., З нар. сл.), ’плаўкі’ (ТС), ’плаўкі, цвёрды’ (Ласт., Байк. і Некр.). Ад тапі́ць2, гл.

То́пкі3 ’здатны хутка загарацца’ (Нас.). Ад тапі́ць3, гл.

То́пкі4 ’тапачкі’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смален. то́пки ’абцасы’ (выспяткі?): ножными топками топтали немлстівно (з помніка 1745 г., Барысава, Лекс. Смолен. края, 142), звязанае з то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), укр. палес. то́пкати, та́пкати ’таптаць’, што да топаць, гл. Параўн. топці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́паць ‘ісці, няхутка ступаць, стукаючы нагамі’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., ТС), ‘хадзіць не спяшаючыся’ (Скарбы,), ‘корпацца ў хаце’ (Ласт.), ‘працаваць па гаспадарцы’, ‘дагаджаць некаму, прыслужвацца, каб дамагчыся даверу’ (Варл.), ту́пать ‘хадзіць па-старэчы, ледзь рухацца’ (Растарг.), ту́пати ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́па́ти ‘тс’, рус. дыял. ту́пать ‘стукаць нагамі; перасоўвацца, ісці’, польск. tupać, старое tępać, каш. tëpać/tupać, в.-луж. tupać, н.-луж. tupaś ‘шумна ступаць’, серб. цімак. тупа ‘стукаць, біць; хадзіць туды-сюды’, балг. ту́пам ‘стукаць, грукаць, гучна ступаць’, макед. тупа ‘тс’. Агульнаславянскае ўтварэнне гукапераймальнага паходжання, што ўзыходзіць да прасл. *tupati ‘грукаць, асабліва нагамі па зямлі, утвараючы глухі гук’ (Борысь, 654), паралельнае да то́паць, гл. (Фасмер, 4, 121). Запазычана ў ідыш tupen ‘тс’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), на базе якога ўтворана ід. tupeniš ‘тупат’ (Geller, Jidysz, Język Żydów polskich, Warszawa, 1994, 198) і, магчыма, тупані́на ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topatiтопаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́р1 ’сякера’, ’старадаўняя баявая зброя’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’сякера’ (Касп., Сержп. Прымхі, Бяльк., Сл. ПЗБ; рагач., Рам. 3), ’сякера з шырокім лязом’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.; ЛА, 2), ’сякера з крывым лязом, склюд’ (Нік. Очерки; ЛА, 2), топи́р ’сякера калоць дровы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. то́пі́р ’сякера з доўгім дзяржаннем, якая выкарыстоўвалася ў якасці зброі’, рус. топо́р ’сякера’, польск. topór ’тс’, в.-луж. toporo ’тапарышча, дзяржанне сякеры’, старое н.-луж. topor ’тс’, чэш., славац. topor, старое славен. tópor ’дзяржанне сякеры’, старое балг. топо́р ’баявая сякера’. З прасл. *toporъ ’сякера’, наконт якога няма агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з прасл. *teti (< *tepti), *tepǫ ’біць, выцінаць’, адпаведна ст.-слав. тети, тепѫ (Фасмер, 4, 79; Чарных, 2, 250–251; Борысь, 638 і інш.); з укр. тепо́рити ’цягнуць з цяжкасцю’, прасл. *top‑, гл. то́паць, тапта́ць (Шустар-Шэўц, 1518–1519), што малапераканальна. Іншыя лічаць старажытным запазычаннем з іранскіх моў і параўноўваюць са ст.-перс. *tapara‑ ’баявая сякера з доўгім дзяржаннем’, перс. teber, бялудж. tapar (адкуль арм. tapar ’тс’), курд. tefer (Трубачоў, Ремесл. терм., 152; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Копечны, 387 і інш.). Паводле Мартынава (Балта-слав. иссл., 1980, 26), з іран. *tapara < *tarata ’тс’, асец. faeraet ’тс’ праз скіфскую ў славянскія мовы.

Тапо́р2 ’поле; былая надзельная сялянская зямля’ (мазыр., ГЧ). Няясна. Відавочна, нейкім чынам звязана з тапо́р1 (гл.), параўн. ст.-бел. топорище ’адзінка вымярэння даўжыні ў цяслярскай справе’ (Ст.-бел. лексікон), якая выкарыстоўвалася таксама для вымярэння зямлі, параўн.: по два сажни и по два топорища (Скурат, Меры, 25–26). Гл. тапарышча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́ля ’дрэва сямейства вярбовых, Populus L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; лях., Сл. ПЗБ; Кіс., Расл. св.), тапо́ля ’тс’ (ТС), тапо́ль ’тс’ (Ян., Кіс.; пруж., Сл. ПЗБ), топу͡оль ’тс’ (Вруб.), то́паль ’тс’ (Сцяшк., Кіс.), то́поль ’тс’ (ТС, Арх. Вяр.), то́мпель ’таполя’ (свісл., ЛА, 1), то́пель ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Расл. св.), то́піліна ’тс’ (віц., ЛА, 1; віц., Расл. св.), топілы́на ’тс’ (дзярж., ЛА, 1), то́піль ’тс’ (кобр., ЛА, 1, Касп., Расл. св.), то́фель ’тс’ (лаг., Жд. 3), то́філь ’тс’ (мёрск., ЛА, 1), тофліна ’тс’ (Барад.), то́пля ’тс’ (ганц., ЛА, 1; Расл. св., Сл. ПЗБ). Укр. топо́ля, рус. то́поль, польск. topola, н.-луж. і в.-луж. topoł, чэш. topol, славац. topoľ, славен. topol, серб.-харв. топо̀ла, макед. топола, балг. топа́ла. Прасл. *topolъ, *topolь, а таксама *topolʼa, *topola; ёсць меркаванне, што гэтае найменне запазычана ў праславянскую мову з лац. pōpulus (с.-лац. populus) ’тс’, пры гэтым адбылася міжскладовая дысіміляцыя р : р > t : p. Літ. tapalas ’тс’ і алб. tupli ’тс’ лічацца запазычаннямі са славянскіх моў. З лацінскай выводзяцца і заходнееўрапейскія назвы расліны, напр. дац., швед. poppel, іт. pioppo, франц. peuplier, ням. Pappel; старое літ. túopa ’тс’ мае роднасныя сувязі з лац. pōpulus, паходжанне якога застаецца цьмяным (Махэк₂, 647: “праеўрапейскае”). Глухак (634) мяркуе, што спалучэнні гукаў р‑р‑l, t‑p‑l перадаюць трапятанне лісцяў, таму ў аснове бачыць анаматапею. Не пераконвае спроба Шустара–Шэўца (1518) звязаць славянскія назвы з коранем *tep‑, *top‑ (гл. топаць, тэпаць). Варыянтнасць гэтых назваў, у тым ліку і беларускіх, сведчыць пра запазычанасць. Гл. яшчэ Брукнер, 317; Фасмер, 4, 79; Борысь, 638; ЕСУМ, 5, 601. Спробай “каранёвай” этымалогіі з’яўляецца ўзвядзенне назвы да і.-е. *pel‑ ’шэры’ з-за з шэрага колеру кары таполі, тады на лацінскай глебе адбылося няпоўнае падваенне гэтага кораня (Покарны, 804); параўн. проціпастаўленую назву таполя чорная ’ясакар, Populus nigra L.’ (Кіс.), вядомую і іншым славянскім мовам, у тым ліку старапольскай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 394), у гаворках у сцягнутай форме тапо́ля ’назва расліны Populus nigra’ (Янк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)