АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гематахро́м

(ад гемата- + -храм)

чырвонае рэчыва, якое змяшчаецца ў тлушчавых кроплях клетак зялёных водарасцей у раствораным стане.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАТРЫЯМІКО́З [ад грэч. botrys гронка + мікоз(ы)],

хранічная інфекц. хвароба коней, радзей буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней з групы мікозаў. Узбуджальнік — мікраскапічны грыбок Botryomyces assoformans (жыве на сене, саломе, у гнаі), пранікае ў арганізм праз пашкоджаную скуру або вывадныя пратокі тлушчавых і потавых залоз. Трапляецца амаль па ўсім зямным шары, у т. л. на Беларусі. Батрыямікоз выяўляецца запаленчым пухлінападобным разрастаннем фібрознай злучальнай тканкі скуры, мышцаў, лімфатычных вузлоў.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБУ́НКУЛ (лац. carbunculus літар. вугалёк; стараж.-рус. назва вуглявік, скула),

вострае дыфузнае гнойна-некратычнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі вакол групы валасяных мяшочкаў і тлушчавых залоз. Узбуджальнікі — гнаяродныя бактэрыі. Найчасцей бывае на патыліцы, паясніцы, твары. Узнікненню К. садзейнічаюць знясіленне арганізма, парушэнне абмену рэчываў (дыябет цукровы), вітамінная недастатковасць. Прыкметы: цяжкі агульны стан (дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C), шырокае амярцвенне тканак. Ускладненні (найчасцей пры К. твару) — сепсіс, тромбафлебіт. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́КА (Вячаслаў Ульянавіч) (н. 20.10.1942, в. Маркі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. біяхімік. Д-р біял. н. (1990). Замежны чл. Нью-Йоркскай АН (1994), чл. Міжнар. АН Еўразіі (1995). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1971 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па рэгуляцыі метабалізму тлушчавых кіслот пры алкагольным пашкоджанні печані, малекулярных механізмах алкагольнага, радыяцыйнага і таксічнага пашкоджання, засцярозе печані ад уздзеяння гепататаксінаў і іанізавальнай радыяцыі.

Тв.:

Простагландины при алкогольном поражении печени. Мн., 1991;

Molecular and cell biology of liver fibrogenesis. London, 1992.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНІ́Н, 2-аміна-6-оксіпурын,

пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРЫ́,

хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд),

дэрмоідная кіста, пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.

В.​Я.​Рабека.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)