ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),

украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ), Боні («Сільва» І.​Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.​Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.​Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 6.8.1944, в. Малюшына Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1970). З 1970 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі, з 1972 саліст Бел. філармоніі. У т-ры муз. камедыі выканаў партыі Эдвіна («Сільва» І.​Кальмана), Арыфа («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Мікіты («Халопка» М.​Стрэльнікава). У канцэртным рэпертуары Багданава арыі з опер Дж.​Вердзі, аперэт І.​Кальмана, рамансы П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Г.​Свірыдава, бел., рус., укр. і неапалітанскія нар. песні. Лаўрэат Рэсп. конкурсу маладых выканаўцаў (1976), Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1977, 1-я прэмія).

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 1.2.1955, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў (1986). З 1986 артыст т-ра муз. камедыі ў Растове-на-Доне, з 1991 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод партый у бел. т-ры; містэр Ікс, Эдвін, Тасіла («Прынцэса цырка», «Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Барынкай, князь Арлоўскі («Цыганскі барон», «Лятучая мыш» І.​Штрауса), Мікіта Батурын («Халопка» М.​Стрэльнікава). У яго канцэртным рэпертуары вак. творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага), кампазітараў, рус. нар. песні.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​В.​Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.​Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна).

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦІКЯ́Н (Сільва) (Сірвард) Барунакаўна (н. 5.1.1919, Ерэван),

армянская паэтэса. Скончыла Ерэванскі ун-т (1941). У паэт. зб-ках «У гэтыя дні» (1945), «На беразе Зангі» (1947), «Мае родныя» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Роздум на паўдарозе» (1960), «Ліліт» (1981), «Зіма ідзе» (1983) і інш. тэмы нац. адраджэння Арменіі, багаты свет пачуццяў сучаснікаў, праблемы сувязі мастацтва і рэчаіснасці. Аўтар кніг нарысаў і эсэ «Караваны яшчэ ў дарозе» (1964), «Мерыдыяны карты і душы» (1978), п’ес «Адкуль ляціш, журавель?» (1960), «І ты, Брут» (1976). Пераклала на арм. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, В.​Вярба, В.​Іпатава, К.​Камейша, В.​Коўтун.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978.

С.​Арзуманян.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў (Васіль Васілевіч) (н. 1.1.1939, г. Эліста, Калмыкія),

бел. артыст аперэты (тэнар). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага ў Маскве (1970). З 1970 у Бел. муз. т-ры. Характарны акцёр, ролі ў яго выкананні набываюць яскравы каларыт, эмацыянальную напоўненасць. Сярод партый нац. рэпертуару: Пранцысь («Паўлінка» Ю.​Семянякі), Цярэшка Калабок, Юрась, Скамарох («Судны час», «Несцерка» Р.​Суруса). Інш. ролі: Рауль, Стэфан, Зупан, Пеніжэк, Чэка, Боні, Напалеон («Фіялка Манмартра», «Марыца», «Сільва», «Баядэра» І.​Кальмана), Зупан, Карнера («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іанель («Цыганскае каханне» Ф.​Легара), Гангстэр («Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра), Дыега, Рамон («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Андрэйка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Буба, Арыф («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Елпідыфор («Халопка» М.​Стрэльнікава).

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛЬЧАНКА (Пётр Міхайлавіч) (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),

бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі, «Вольны вецер» І.​Дунаеўскага, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.​Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.​Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.​Пучыні і інш. ў нар. опернай студыі.

т. 8, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ДЗІГЕР (Пётр Васілевіч) (н. 24.8.1949, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. і расійскі арт. аперэты (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1974). Працаваў у Куйбышаўскім т-ры оперы і балета. З 1977 у Белдзяржкансерваторыі, у 1978 і з 1981 ў Бел. дзярж. муз. т-ры. У 1978—81 у Ленінградскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучаецца высокім узроўнем майстэрства, багатай вак. культурай. Сярод партый на бел. сцэне; Дзяніс («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Доктар («Мільянерша» Я.​Глебава), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Карамэла («Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Янга («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Мікіта («Халопка» М.​Стрэльнікава), Беня («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна) і інш.

П.В.Рыдзігер.
П.Рыдзігер у ролі графа Данілы.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),

бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж. т-ра муз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.​Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна), Майкл («Джулія» У.​Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Алег Баян («Клоп» У.​Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.​Рансуінка).

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Уладзімір Генадзевіч) (н. 3.2.1956, г. Чэлябінск, Расія),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1985, Свярдлоўск). З 1985 у Омскім муз. т-ры. З 1992 у Нац. т-ры оперы Беларусі, адначасова ў 1992—95 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону. Сярод партый на бел. сцэне: у т-ры муз. камедыі — Эдвін, Містэр Ікс, Тасіла («Сільва», «Прынцэса цырка», «Марыца» І.​Кальмана), князь Арлоўскі («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры оперы — Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Рангоні («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Радрыга, Жэрмон («Дон Карлас», «Травіята» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), партыя барытона (сцэнічная кантата «Карміна Бурана» К.​Орфа), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Шарплес («Мадам Батэрфляй» Дж.​Пучыні).

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)