ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр Бокшыцкага с/с і калгаса. За 6 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 99 км ад Мінска, 175 ж., 78 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, насыпаны курган і пастаўлена стэла.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыктыястэ́ла

(ад гр. diktyon = сетка + стэла)

адзін з тыпаў цэнтральнага цыліндра сцябла вышэйшых раслін, мае сеткаватую структуру (напр. у папарацей).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЕРЦІ́НІ ((Pertini) Алесандра) (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»), 3 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.​Смакоўскага, К.​Ельскага, К.​Барычэўскага, Р.​Слізеня, І.​Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.​Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.​Маркаў, Я.​Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.​Рыжанкоў; помнік І.​Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.​Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.​Лук, А.​Пупко, Дз.​Сталяроў.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.​Рыжанкоў.
Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атактастэ́ла

(ад гр. ataktos = бязладны + стэла)

адзін з тыпаў цэнтральнага цыліндра (стэлы) сцябла раслін; складаецца з мноства прыводных пучкоў, якія размеркаваны на папярочным сячэнні сцябла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.​Ф.​Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.​Х.​Кажура), на льнозаводзе (П.​Н.​Савінаў), цагельным з-дзе (А.​І.​Трэмба), у Горацкай МТС (С.​І.​Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.​В.​Быкаў), Добрая (Д.​Ф.​Вайстрова), Палёнка (Ф.​М.​Дзям’янаў), Тудараўка (Б.​А.​Шыманоўскі, з сак. 1942 В.​В.​Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ВЫ́СТАВАЧНЫ ЦЭНТР «БЕЛЭ́КСПА» Пабудаваны ў 1989 у Мінску на праспекце Машэрава як павільён міжнар. выставак (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. Л.​Маскалевіч, арх. Г.​Ласкавая, Г.​Фядосенка, В.​Капылоў, інж. Л.​Валчэцкі, С.​Майсеева, маст. Ю.​Любімаў). З 1999 сучасная назва. Прызначаны для правядзення міжнар. выставак, навук.-тэхн. канферэнцый, кірмашоў, відовішчных мерапрыемстваў. Пяцівугольная ў плане выставачная зала (пралёт 70 м, унутр. выш. 10—17 м, пл. 3200 м²) перакрыта 5 гіпербалічнымі парабалоідамі, што надае збудаванню жывапіснасць і лёгкасць. Уключае таксама малую выставачную залу, распарадчы вестыбюль, адм. блок, залу для прэс-канферэнцый, кабінеты для камерц. цэнтра, пошту, міжнар. тэлефон, тэлеграф, кафетэрый і інш. Перад будынкам пастаўлена стэла (выш. 35 м) з гадзіннікам, завершаная скульптурай Меркурыя. Іл. гл. да арт. Архітэктура.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біястэ́лы

(ад бія- + стэла)

вертыкальныя нагрувашчванні біястромаў або лінз арганічных вапнякоў у выглядзе слупоў або штокаў 2, якія ўтвараюцца на прыўзнятых участках дна вадаёмаў ад працяглага нарастання арганізмаў на адным месцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)