згрупава́цца, ‑пуецца; ‑пуемся, ‑пуецеся; зак.

Сабрацца, аб’яднацца ў групу (групы); размясціцца групай (групамі). Хуткакрылыя стрыжы згрупаваліся і насіліся ў паветры, нібы трэніраваліся перад адлётам. Федасеенка. Хутка вакол Андрэя згрупавалася чалавек пятнаццаць салдат, якія сталі яго поўнымі паслядоў[нік]амі. Галавач. Новае пакаленне пісьменнікаў.. згрупавалася ў арганізацыю «Маладняк». «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мно́ства, ‑а, н.

1. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Пачаўся сход, і ад мноства людзей загула, загаманіла хата. Адамчык. Насупраць, куды свяціла сонца, бераг быў высокі, абрывісты, .. [з] мноствам пячорак, каля якіх з гуллівым і заклапочаным шчэбетам увіхаліся стрыжы. Брыль.

2. У матэматыцы — сукупнасць элементаў, якія вылучаны ў асобную групу па якой‑н. агульнай прыкмеце. Тэорыя мностваў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),

восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДА-МАЛА́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Усходняя біягеаграфічная вобласць. Размешчана ў трапічным поясе. Уключае Паўд. Азію, У Аравійскага п-ва, Вялікія Зондскія а-вы (без Сулавесі), большую ч. трапічных астравоў Ціхага акіяна. Падзяляецца на 2 падвобласці: Індыйска-Індакітайскую і Малайскую.

Расліннае покрыва — трапічны дажджавы лес і часткова саванны. Эндэмічных сям. няшмат, таму што існуюць старадаўнія і цесныя кантакты гэтай вобласці з Палеарктыкай і Эфіопскай біягеаграфічнай вобласцю. У флоры 2 эндэмічныя і 2 субэндэмічныя сямействы. Найб. высокі родавы і відавы эндэмізм, асабліва на астравах (напр., на Гаваях 150 эндэмічных родаў, а відавы эндэмізм складае 90%). Фауна адносна старажытная, у ёй захаваліся некат. рысы міяцэнавай фауны (напр., алянькі, насарогі, сланы, тапіры і інш.). Млекакормячых 46 сямействаў. Эндэмічныя атр. шарстакрылыя, сям. гібонавыя, ларызіды, тупайі, роды чалавекападобных малпаў арангутанаў і індыйскіх сланоў. З птушак эндэмічныя сям. лістоўкавыя, чубатыя стрыжы, большая ч. відаў сям. рагадзюбаў. Цэнтр узнікнення і разнастайнасці форм белавочкавых, пітавых, рагадзюбых, фазанавых. У фауне паўзуноў эндэмічныя бязвухія вараны, гавіялавыя кракадзілы, шчытахвостыя і прамянёвыя змеі. Шмат эндэмічных родаў земнаводных, напр., вузкаротыя і лятаючыя жабы і інш., 4 эндэмічныя сям. рыб. Вобласць з’яўляецца цэнтрам разнастайнасці карпападобных і сомападобных рыб. Шэраг сям. і атр. родняць яе фауну з фаунай Эфіопскай вобл.: агамы, вараны, насарогі, нектарніцы, паўліны, паўмалпы, птушкі-насарогі, сланы, ткачыкавыя, хамелеоны, чалавекападобныя малпы, яшчары.

Да арт. Інда-Малайская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — матыль-птушкакрыл; 2 — фазан дыяментавы; 3 — хамелеон; 4 — тупайя; 5 — пітон сеткаваты, 6 — мангуст; 7 — ліставідка; 8 — нектарніца; 9 — лоры; 10 — слон індыйскі; 11 — паўлін.

т. 7, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кармі́цца, кармлюся, кормішся, корміцца; незак.

1. Прымаць ежу, корм; насычацца. [Вепр] ішоў павольна і пачынаў ужо корміцца. Самуйлёнак. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін. [Дзіцятка] ляжала на руках маці і кармілася, прыпаўшы да адкрытых белых грудзей. Пестрак.

2. чым і без дап. Мець за сродак для існавання, пражыцця; харчавацца. Чапля корміцца рыбай. □ Стрыжы адлятаюць першымі таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. В. Вольскі.

3. чым, з чаго, на што. Здабываць сродкі для існавання, пражыцця. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Бядуля. — [Марыля] хоча рабіць нешта, каб .. корміцца. Чыгрынаў.

4. Зал. да карміць.

•••

Карміцца акрыдамі — бедна харчавацца, галадаць (з евангельскага апавядання пра Іаана Хрысціцеля, які ў пустыні еў акрыды і дзікі мёд).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)