Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАКРЫ́ЛЫЯ, стрыжападобныя (Apodiformes),
атрад птушак. З сям.: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).
Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую ч. дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Т-ра цела можа часова зніжацца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-МАЛА́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Усходняя біягеаграфічная вобласць. Размешчана ў трапічным поясе. Уключае Паўд. Азію, У Аравійскага п-ва, Вялікія Зондскія а-вы (без Сулавесі), большую ч. трапічных астравоў Ціхага акіяна. Падзяляецца на 2 падвобласці: Індыйска-Індакітайскую і Малайскую.
Расліннае покрыва — трапічны дажджавы лес і часткова саванны. Эндэмічных сям. няшмат, таму што існуюць старадаўнія і цесныя кантакты гэтай вобласці з Палеарктыкай і Эфіопскай біягеаграфічнай вобласцю. У флоры 2 эндэмічныя і 2 субэндэмічныя сямействы. Найб. высокі родавы і відавы эндэмізм, асабліва на астравах (напр., на Гаваях 150 эндэмічных родаў, а відавы эндэмізм складае 90%). Фауна адносна старажытная, у ёй захаваліся некат. рысы міяцэнавай фауны (напр., алянькі, насарогі, сланы, тапіры і інш.). Млекакормячых 46 сямействаў. Эндэмічныя атр. шарстакрылыя, сям. гібонавыя, ларызіды, тупайі, роды чалавекападобных малпаў арангутанаў і індыйскіх сланоў. З птушак эндэмічныя сям. лістоўкавыя, чубатыя стрыжы, большая ч. відаў сям. рагадзюбаў. Цэнтр узнікнення і разнастайнасці форм белавочкавых, пітавых, рагадзюбых, фазанавых. У фауне паўзуноў эндэмічныя бязвухія вараны, гавіялавыя кракадзілы, шчытахвостыя і прамянёвыя змеі. Шмат эндэмічных родаў земнаводных, напр., вузкаротыя і лятаючыя жабы і інш., 4 эндэмічныя сям. рыб. Вобласць з’яўляецца цэнтрам разнастайнасці карпападобных і сомападобных рыб. Шэраг сям. і атр. родняць яе фауну з фаунай Эфіопскай вобл.: агамы, вараны, насарогі, нектарніцы, паўліны, паўмалпы, птушкі-насарогі, сланы, ткачыкавыя, хамелеоны, чалавекападобныя малпы, яшчары.