узапхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Пхаючы, падняць наверх. Узапхнуць воз па ўзгорак. Узапхнуць чамадан на верхнюю палку.

2. З цяжкасцю надзець, нацягнуць што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узапхнуў боты на ногі. // Надзець наспех які‑н. абутак. Узапхнуў сандалі і бягом на вуліцу.

3. Узваліць працу на каго‑н. — Ты паслухай, паслухай, што на нас гэты, гэты... узапхнуць хоча! — .. бацька гнеўна павярнуўся ўжо да Улі. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕРМЕ́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэ́бры1 ’лазовыя дубцы, якімі сплятаюць нерат’ (Жыв. НС). Перанос паводле знешняга падабенства. Гл. рабро.

Рэ́бры2 ’басаножкі’ (Мат. Гом.). Відавочна, ад рабро (гл.), перанос паводле знешняга падабенства. Падобная семантычная мадэль у рус. ре́мнисандалі’. Але нельга выключыць, што лексема ўтворана шляхам фанетычных змен паводле народнай этымалогіі на базе першапачатковага трэпы, трэбы ’абутак на драўлянай падэшве; басаножкі’, дрэпы ’абутак на драўлянай падэшве’ (ЛА, 4). На семантыку маглі паўплываць дрэбы, драбы (гл.) ’рэбры ў кошыку’ (ЛА, 4). Гл. далей трэпы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

капо́т 1, ‑а, М ‑поце, м.

1. Уст. Жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду. На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Бядуля. // Доўгі кафтан. Абрам у доўгім чорным капоце, які блішчэў на грудзях ад заношанасці, стаяў сярод майстэрні і на пальцы сукаў суравую нітку. Пестрак.

2. Адкідная металічная накрыўка ў машынах, механізмах, якая ахоўвае іх ад пылу, вільгаці і інш. Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. [Лёнька] падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Краўчанка.

[Фр. capote.]

капо́т 2, ‑а, М ‑поце, м.

Тое, што і капатаж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́флі, адз. л. ту́фель, памянш. ту́флік ‘лёгкі неглыбокі абутак, пантофлі’ (ТСБМ, Брасл. сл.), ту́флі, ту́хлі ‘тс’ (Сцяшк.), ту́хлі ‘тс’ (ТС, Арх. Вяр.), ту́хель ‘пантофель’ (Юрч. Вытв.), ту́флі, ту́плі ‘пантофлі’ (Васільковая сп., Сл. ПЗБ), памянш. туфелʼо́чак (Вруб.). Запазычаны з рус. ту́фли, ту́фель, якія з нідэрл. tóffel ‘хатні абутак’ ці з с.-н.-ням. tuffele, апошнія з с.-н.-ням. pantuffel (гл. пантофлі); яно ў выніку пераасэнсавання (паводле народнай этымалогіі) разлажылася на pant ‘завязка, шнурок’ і tuffel. Крыніцай запазычання лічыцца італ. pantofola (далей няясна, гл. Арол, 4, 122), якое нібыта з незасведчанага грэч. *παντόφελλόςсандалі на коркавай падэшве’ < πάντη ‘усюды, адусюль’, φελλός ‘коркавае дрэва’ (Фасмер, 4, 127; Чарных, 2, 273). Зайкоўскі (Слов. етим., 184–185), абапіраючыся на засчведчанае на Магілёўшчыне панто́пель ‘вязаны лапаць з тоўстых пяньковых ці льняных нітак’ (Янк. Мат.), мяркуе, што другая частка магла паходзіць з φλοιός, φλούδα ‘кара’, а дакладней ‘лыка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)