«АНТЭ́Й», Ан-22,

транспартны (грузавы) самалёт. Створаны ў 1964 у КБ сав. авіяканструктара А.​К.​Антонава. Мае 4 турбавінтавыя рухавікі магутнасцю 11 МВт кожны. Узлётная маса 250 т, скорасць 740 км/гадз, далёкасць палётаў 5—11 тыс. км. Перавозіць груз да 80 т на адлегласць 5 тыс. км. На «Антэі» ўстаноўлена 15 сусв. рэкордаў.

Самалёт «Антэй» (Ан-22).

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Якаў Кірэевіч) (22.4.1922, в. Шарсцін Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 15.6.1985),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Тамбоўскую лётную школу (1942), школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі (1945, 1960). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Лётчык-штурмавік лейтэнант М. зрабіў 104 баявыя вылеты, удзельнічаў у 19 паветр. баях, асабіста збіў 3 самалёты, знішчыў шмат баявой тэхнікі і ўмацаванняў ворага. Да 1978 у грамадз. паветр. флоце. У 1960 у складзе экіпажа самалёта ТУ-104Е устанавіў 6 сусв. рэкордаў.

Я.К.Мінін.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЕНСКІЯ,

расійскія лёгкаатлеты-бегуны, засл. майстры спорту СССР (1936), браты. Нарадзіліся ў с. Зялёная Слабада Раменскага р-на Маскоўскай вобл. Скончылі 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1941). Георгій Іванавіч (26.11.1903—28.12.1946), чэмпіён СССР па бегу на 5000 і 10 000 м (1939). У 1934—36 устанавіў 3 усесаюзныя рэкорды на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Серафім Іванавіч (2.2.1906—7.5.1942), адзінаццаціразовы чэмпіён СССР (1934—40) па бегу на розныя дыстанцыі. У 1933—40 устанавіў 20 усесаюзных рэкордаў на дыстанцыях 1500, 2000, 3000, 5000, 10 000 м. Пераможцы шматлікіх міжнар. спаборніцтваў. З 1958 штогод праводзіцца Міжнар. лёгкаатлетычны мемарыял братоў З.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСІ́ШЧАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (11.10.1902, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 14.10.1978),

расійскі авіяканструктар. Д-р тэхн. н. (1959), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1972). Ген.-м.-інжынер (1944). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Баўмана (1926). З 1925 у Цэнтр, аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАП). З 1939 узначальваў спец. канструктарскае бюро (КБ); з 1942 гал. канструктар з-да па выпуску пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў Пе-2. Пасля вайны ген. канструктар, кіраўнік КБ; у 1960—67 узначальваў ЦАГІ. Пад яго кіраўніцтвам створаны бамбардзіроўшчыкі з турбарэактыўнымі рухавікамі 201М і 203М, на мадыфікацыях якіх устаноўлена каля 20 сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1957.

Літ.:

Пономарев АН. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЯ́Н (Арцём Іванавіч) (5.8.1905, с. Санаін Туманянскага р-на, Арменія — 9.12.1970),

савецкі авіяканструктар. Брат А.І.Мікаяна. Акад. АН СССР (1968). Д-р тэхн. н. (1959). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1967). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). З 1940 гал. канструктар доследнага канструктарскага бюро па самалётабудаванні, з 1956 ген. канструктар. У 1940 пад кіраўніцтвам М. (разам з М.І.Гурэвічам) спраектаваны знішчальнік МіГ-1, мадыфікаваны варыянт якога (МіГ-3) шырока выкарыстоўваўся ў Вял. Айч. вайну. Стварыў шэраг звышгукавых рэактыўных знішчальнікаў, у т. л. МіГ-21, -23, -29. На рэактыўным самалёце Е-266 яго канструкцыі ўстаноўлена некалькі сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

Літ.:

Арзуманян А.М. Генеральный конструктор А.​И.​Микоян. М., 1961.

А.І.Мікаян.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ (Міхаіл Лявонавіч) (22.11.1909, г. Іркуцк, Расія — 31.1.1970),

расійскі вучоны і канструктар верталётаў. Д-р тэхн. н. (1945), праф. (1967). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Новачаркаскі авіяц. ін-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ) імя М.​Я.​Жукоўскага. У 1936 інжынер КБ па вінтакрылых апаратах, потым нам. гал. канструктара М.І.Камава. У 1943—47 навук. супрацоўнік, нач. лабараторыі ў ЦАГІ. Са снеж. 1947 гал. канструктар КБ верталётабудаўніцтва, з 1964 ген. канструктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1951 створаны першы сав. серыйны 3-месны верталёт Мі-1; у далейшым верталёты Мі-2, -4, -6, -8, -10, -10К, В-12 і інш. На верталётах канструкцыі М. ўстаноўлена 60 афіц. сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэмія СССР 1968.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

М.Л.Міль.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХІМО́ВІЧ (Віталь Міхайлавіч) (17.7. 1943, г. Разань, Расія — 15.1.1995),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1978 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка). Чэмпіён свету ў камандным (6-разовы) і асабістым заліку (1970, г. Фінікс, ЗША; 1974, г. Тун, Швейцарыя), 7-разовы сярэбраны (1970, 1974) і бронз. (1970) прызёр у асобных практыкаваннях. 15-разовы чэмпіён Еўропы ў камандным заліку (1965, 1975, Бухарэст; 1969, г. Пльзень, Чэхаславакія; 1971, г. Зуль, Германія; 1972, Бялград; 1973, г. Лінц, Аўстрыя), 7-разовы сярэбраны (1965, 1969, 1971) і 3-разовы бронз. (1969, 1973) прызёр у асабістым заліку. 18-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку ў асобных практыкаваннях. Уладальнік абс. рэкордаў свету, Еўропы, СССР (1970, 1972) у асобных практыкаваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАВЫ́ СПОРТ,

від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.

Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.​Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.​Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.​Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.

В.​Л.​Працкайла.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.

Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.​Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.​Альхімовіч, В.​Лукашэвіч, В.​Рускіх, А.​Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.​Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)