традыцыйныя комплексы бел.нар.адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабамі нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і інш.). Н.с. развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэт. ідэалаў, утылітарных і маст. запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сац.-эканам. развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, роду традыц. заняткаў, гасп. дзейнасці, рэліг. прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і інш.Найб. выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19—1-й пал. 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы нар. творчасці гіст.-этнагр. рэгіёнаў Беларусі. Характэрныя рысы нар. адзення зах. Палесся яскрава праяўляюцца ў дамачаўскім строі, кобрынскім строі, маларыцкім строі, мотальскім строі, пінска-івацэвіцкім строі. Народнае адзенне ўсх. Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў маст. аздаблення святочнага касцюма брагінскага строю, давыд-гарадоцка-тураўскага строю, калінкавіцкага строю, турава-мазырскага строю. Разнастайнымі комплексамі адзення вылучаецца Падняпроўе: буда-кашалёўскі строй, дубровенскі строй, краснапольскі строй, магілёўскі строй, неглюбскі строй. На цэнтральнай Беларусі найб. яскрава праяўляюцца ўласцівыя бел.нар. адзенню стрыманасць і паэтычнасць вобраза ў вілейскім строі, капыльска-клецкім строі, ляхавіцкім строі, пухавіцкім строі, слуцкім строі. Віртуозным майстэрствам аздаблення верхняга адзення, стылістычнай непаўторнасцю вылучаюцца строі Панямоння: ваўкавыскі-камянецкі строй, мастоўскі строй, навагрудскі строй. На каларыстычна-арнаментальны лад касцюма Паазер’я значна паўплывала набіванка (гл.Лепельскі строй). Паступова на змену традыц.нар. адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрап. касцюм. У наш час матывы Н.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатр. сцэне.
Літ.:
Раманюк М. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
РаманюкМ., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ачэ́піны ’вясельны абрад надзявання чапца на галаву нявесты’ (ваўк., пруж., Федар.), укр.очепини. Запазычана з польск.oczepiny ад o(b)czepić ’надзець чапец’ (у XVII–XX ст., Крупянка, Formacje, 99) з больш ранняга czepić, параўн. чэш.čepiti ’надзяваць чапец нявесце’, якія лічаць вытворнымі ад czepiec, czepek, гл. Брукнер, 74; Слаўскі, 1, 116, аднак наяўнасць бел.ачапіць ’надзець наверх, палажыць’ і словаўтваральнай мадэлі тыпу заручыны (ад заручыць), агледзіны (ад аглядзець), запоіны (ад запіваць) дае падставы дапускаць самастойнае аддзеяслоўнае ўтварэнне, параўн. адназоўнікавую форму ачэпканне ’тс’ (брэсц., Раманюк, «Маладосць», 1975, 3, 158) ад ачэпка ’чапец’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МАГЕ́РКА,
старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.
М.Ф.Раманюк.
Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЁВА,
даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на 2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ВАЧКА,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́ЧКА,
галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,
адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст.Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖУ́Х,
верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.