Пу́хлы ’поўны, тоўсты, мяккі’ (ТСБМ), ’апухлы’ (ТС), ’пульхны, пышны (пра хлеб)’ (брасл., дзятл., Сл. ПЗБ), ’пухкі’: падушка пухлая, пухлы снег (брасл., в.-дзв., там жа), укр. пу́хлий ’поўны, апухлы’, рус. пу́хлый ’тоўсты, поўны, раздуты’, ст.-чэш. pouchlý ’бясплодны; пусты’, харв. чак. pûhal ’пусты, уздуты, раздуты’, славен. púhel ’тс’, ст.-слав. пухлъ ’пусты’. Прасл. *puxlъ ’надуты’, прыметнік ад *puxati sę ’надувацца’ (гл. пухаць), параўн. Сной, 514; Фурлан–Бязлай, 3, 135. Чарных (2, 85) лічыць усх.-слав. словы новаўтварэннямі на аснове *puxnǫti (гл. пухнуць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разбу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які павялічыўся ў аб’ёме, набраўшыся вільгаці; разбраклы. Адной ноччу, па-веснавому цёмнай, бяззорнай, мы пакінулі акопы і пайшлі на захад па лясных разбухлых дарогах. Хомчанка. // Які наліўся сокам; набухлы. Разбухлыя бутоны.

2. перан. Непамерна павялічаны; раздуты. Разбухлыя штаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́тый

1. прич. (разожжённый) разадзьму́ты, мног. параздзіма́ны; (ртом) раздзьму́ханы, мног. параздзьму́хваны;

2. прич. (наполненный воздухом) разадзьму́ты, мног. параздзіма́ны, надзьму́ты;

3. прич. (преувеличенный) разду́ты; см. разду́ть 1, 2, 4;

4. прил. (распухший) распу́хлы; (о животе) успу́шаны;

5. прил., перен. (преувеличенный) разду́ты.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пука́ты, пукава́ты ’з выступаючымі бакамі’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Жд. 2, ТС, Варл.: “reč, što pasiarod taušciejšaja, jak uhare j nadole”), ’пузаты’ (Сл. ПЗБ), пукова́ты, пукна́ты ’выпуклы’ (ТС), пукова́сты ’тс’ (ПСл), параўн. укр. пука́тий ’выпуклы, раздуты, тоўсты’, рус. пука́тый ’круглы, выпуклы, выгнуты’, польск. pękaty ’выпуклы’, ст.-польск. pękata ’цяжарная’. Усё да пук ’выпукласць, выступаючая сярэдняя частка прадмета’ (гл. пук2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пу́льхны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, быццам надзьмуты, пухлы. Пульхныя вусны. □ Саладжавая, некалькі тупая наіўнасць [Шчыгельчыка] застыла на пульхных мяккіх шчоках. Пестрак. Твар.. [Ціхана] распух, стаў бялявы, пульхны. Дуброўскі. // Тоўсты, сыты. Малады Сурвіла — пульхны, выглян[ц]аваны хлопец. Чорны. Чалавек ветліва падаў маленькую, пульхную, як у жанчыны, ручку. Пянкрат.

2. Мяккі, пухкі. А з пшанічнае мукі І выходзіць хлеб такі, Белы, нібы вата, Пульхны, наздраваты. Грахоўскі. Тэкля выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Краўчанка. // Лёгкі, пушысты. Снег быў пульхны, і ссоўваць лапатамі яго было няцяжка. Скрыпка. Зямля цёпла пахне, пульхная, адвечна-вільготная. Ермаловіч.

3. Тоўсты, аб’ёмісты, раздуты. Мажэйка паклаў на трыбуну пульхны том даклада, прыціснуў яго кулаком. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ўсты ’значны па аб’ёму, вялікі ў папярочным сячэнні’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), то́ўсты і таўсты́ ’поўны’, ’сыты’, ’тлусты’, ’мясісты, мускулісты, вялікі паводле памераў’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), то́ўсты ’вялікі, мясісты, пухлы’ (ТСБМ), ’поўны, дзябёлы’ (Нас., Ласт.), ’грубы (пра палатно)’ (Мат. Гом.), ’нізкі, густы (голас, гук)’ (ТСБМ, ТС, Мат. Гом.), то́ўсты палец ’вялікі палец’ (капыл., Сл. ПЗБ), то́ўстыя кру́пы ’панцак, буйныя ячныя крупы’ (круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Жд., 1, Янк. 1, Ян., Скарбы), таўсты́ ’поўны, дзябёлы’: таўсты як бочка (Федар. 4, Сержп. Прык.), то́віст ’тс’ (Нас.), то́ўста(я), то́вста, таўста́я ’поўная, дзябёлая’, ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ, Барад., Янк. 1; ст.-дар., Ск. нар. мовы; Сержп. Прымхі; слуц., Нар. словатв.; Мат. Маг. 2; ТС, Бяльк., Сцяшк., Юрч., Арх. Вяр., Мат. Гом.; навагр., З нар. сл.; мёрск., Нар. сл.). Укр. то́встий, рус. то́лстый, толсто́й, толст, стараж.-рус. тълстъ, ц.-слав. тлъстъ; польск. tłusty, палаб. tåu̯ste, н.-луж. tłusty, в.-луж. tołsty, чэш. tlustý, славац. tlstý, славен. tọ̑lst, харв. tȗst, серб. ту̏ст, балг. тлъст ’тоўсты’. Прасл. *tъl̥stъ ’тоўсты’ (Фасмер, 4, 74) ці *tl̥stъ < і.-е. *tŭlz‑to ’набрынялы, аб’ёмны’ (Борысь, 636), роднаснае літ. tułžti ’набухаць; набрыняць ад вільгаці’, лат. tùlzt ’тс’, tùlzums ’пухліна’. Сной₂ (771) выводзіць прасл. *tъlstъ з і.-е. асновы *teu̯h2 ’пухнуць, набрыняць, павялічвацца’, да якой далучыўся суфікс *‑l‑ (гэты ж суфікс у прасл. *tъlpa̋ ’маса’, *tylъ ’карак’). Калі гэта так, то прасл. *tъlstъ паходзіць з і.-е. *tulh2g̑ʼ​(h)‑to‑раздуты, распухлы’, параўн. і Фасмер, 4, 74; Чарных, 2, 249; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 589. Існуе, паводле Сноя₂ (772), іншая магчымасць утварэння: другая частка прасл. лексемы ‑stъ узыходзіць да і.-е. *stah2 ’ступіць, стаць’, тады *tъlstъ — з і.-е. *tulh2‑sth2ó‑ ’той, які стаў набрынялым, ацёклым’. Сюды ж то́ўшчык ’камель дрэва’ (ТС), параўн. тончык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)