Про́ціўня ’пласт вашчыны з мёдам у вуллі, які вісіць тарцом да лятка’ (ТС). Дэрыват ад праці́ўны ’процілеглы, супрацьлеглы’ < *проціў (гл. проці, супраць) з суф. ‑ja.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праці́ўства ’супраціўленне’ (Гарэц.). Да проці, праціўны. Адносна мажлівасці вывядзення nomina abstracta ад архаічных бяссуфіксных прыметнікаў тыпу *protivъ або ў выніку дэзінтэграцыі суфіксальнага элемента ‑ъn‑ у прыметніку *protivъnъ гл. Краўчук, Дифференц., 23–24. Сюды ж праціве́нства ’тс’ (Нас.) з польск. przeciwieństwo ’супрацьлегласць; перашкода, памеха’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protivaпраціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)