САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),

глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд. м³.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сму́глы 1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы 2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)