ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі.

Засн. ў 1960 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Уключана ў Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і сетку геамагнітных абсерваторый СНД. Вядзе назіранні эл.-магн. поля і сейсмічнасці Зямлі. Даследуе эл.-магн. працэсы ў калязямной прасторы, глыбінную будову зямной кары і верхняй мантыі. З’яўляецца базай для выканання міжнар. геафіз. праграм, мае геамагнітную абсерваторыю, станцыі зямных токаў і сейсмічную. З яе дзейнасцю звязана развіццё новага для Беларусі навук. кірунку — фізікі Зямлі.

Ж.​П.​Хацько.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 18.8.1941 да 25.11.1942 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Складалася з груп (23 чал., кіраўнік П.​І.​Адамовіч). Са жн. 1942 дзейнічала пад кіраўніцтвам Барысаўскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. Падпольшчыкі па радыё прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы, звесткі пра карныя экспедыцыі акупантаў. У 1942 арганізавалі ўцёкі зняволеных з канцлагера, замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі ўправу, падарвалі лесапільню. Пасля дыверсій большасць членаў арг-цыі пайшла ў партызаны, 6 падпольшчыкаў фашысты загубілі.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Вілорый Аляксеевіч) (н. 18.1.1934, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак тэлебачання. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956). У 1957—92 мастак-пастаноўшчык Бел. рэсп. студыі тэлебачання (у 1961—82 гал. мастак). Работы вылучаюцца і рэаліст., і ўмоўна-алегарычнай вобразнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. Аформіў тэлеспектаклі «Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава (1957), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча (1959), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965), «Адвечная песня», «Курган» і «Бандароўна» паводле Я.​Купалы (усе 1980), «Слабодскі парламент» па матывах апавядання М.​Гіля (1984), «Алімпіяда» паводле рамана І.​Пташнікава (1988) і інш.; тэлефільмы «І смех і бяда» (1973), «Новая зямля» паводле Я.​Коласа (1982), «Купалінка» (1983) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.жн. 1943 у Вял. Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.

У.​С.​Пасэ.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст.снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),

бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБІН,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Барысаў—Плешчаніцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і 33 км ад чыг. ст. Барысаў, 76 км ад Мінска. 834 ж., 328 двароў (1997).

У 16 ст. мястэчка ў Барысаўскім старостве ВКЛ, уладанне Кішкаў, потым Саковічаў, Храптовічаў. З 1793 у Рас. імперыі. У 1865 цэнтр. воласці Барысаўскага пав. У 1885—110 ж., 15 двароў, валасная ўправа, 2 царквы, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, бальніца. З 1924 цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета. З 1927 у Барысаўскім р-не. У ліп. 1941 — чэрв. 1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія расстралялі туг 927 чал. У вер. 1943 у З. адбыўся Зембінскі бой 1943. У 1971 у З. 942 ж., 294 двары.

Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл (1809) і царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),

галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.

Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10​−5 м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).

Літ.:

Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)