ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),

рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.​Б.​Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах. граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл. Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл. Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс. км². Нас. 1,9 млн. чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г. Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).

Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал. р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.

Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш. З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч. прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн. га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс. га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш. Даўж. аўтадарог 10,4 тыс. км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)