горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (15.5.1919, в. Нараўшчызна Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 19.5.1981),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн., Варонежскім, 1-м Укр., Бел., 1-м Бел. франтах. Камандзір батарэі мал. лейтэнант М. вызначыўся ў кастр. 1943 у баі каля г.Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна). Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1261 — сак. 1303),
князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЕ́ШКІН (Пётр Лукіч) (8.10.1912, в. Паўлавічы Віцебскага р-на — 3.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі фін.-эканам. тэхнікум (1934), Сумскае артыл.ваен. вучылішча (1937). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Капітан Д. вызначыўся 22.9.1943 у баях каля г.Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна): мінамётны дывізіён на чале з Д. фарсіраваў Дняпро, на захопленым плацдарме адбіў 8 контратак праціўніка. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г.Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́НСКІ (Крыштоф) (? — май 1593),
кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы з рас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.Вішнявецкага. Загінуў у баі (па інш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,
Ідыку (1352—1419),
эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял.кн.літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́Т, Ахмут,
Ахмед (? — студз. 1481),
хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г.Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял.кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл.«Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́НЕ (ад поле),
1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн.Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл.шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.
2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас.р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г.Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),
рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах. граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл.Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл.Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.