ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,
прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЯ́ТАРЫ
(лац. gladiatores ад gladius меч),
у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст. н.э.
Літ.:
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
т. 5, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯНІ́ЗМ,
асацыяцыянізм, асацыятыўная псіхалогія, тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.
На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Юм, Д.Гартлі, А.Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.Эбінгаўз, Т.Зіен, Г.Мюлер), сацыёлагаў (Г.Спенсер), педагогаў (І.Гербарт).
Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.
Літ.: Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909; Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957; Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)