ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс. ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРО́РТНЫ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населеных пунктаў гар. тыпу, у якіх не менш за 2 тыс. чалавек і на тэр. якіх размешчаны санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, інш. аздараўленчыя ўстановы. На Беларусі крытэрыі аднясення населенага пункта да К.п. замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 5.5.1998 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь». Пры аднясенні пэўнага населенага пункта да К.п. ўлічваецца таксама наяўнасць прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання, культ.-асв. устаноў. На 1.1.1998 на Беларусі адзін К.п. (К.п. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл.).

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,

населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНК БССР ад 15.7.1935.

У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г. Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт. прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).

Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.

Г.​С.​Ларкін.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,

гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял. мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пасялко́вы гл. пасёлак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

посёлок пасёлак, -лка м.;

городско́й посёлок гарадскі́ пасёлак.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

новосёлок разг. но́вы пасёлак.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мястэ́чка, -а, мн. -і, -чак, н. (уст.).

Пасёлак гарадскога тыпу.

М.

Любча.

|| прым. местачко́вы, -ая, -ае.

М. жыхар.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прадме́сце, -я, мн. -і, -яў, н.

Пасёлак, які размешчаны непадалёку ад горада, але не ўваходзіць у яго межы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разбудава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; зак., што (разм.).

Будуючы, расшырыць плошчу.

Р. пасёлак.

|| незак. разбудо́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)