ТЫЛКО́ЎСКІ (Tylkowski) Войцех (1624, Мазовія, Рэч Паспалітая — 1695),

польскі філосаф-тэолаг. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах, працаваў у Ватыкане. У 1677—81 праф. Віленскай акадэміі, пазней кіраваў папскай семінарыяй у Вільні. Аўтар твораў па філасофіі, тэалогіі, прыродазнаўстве. У гал. яго працы — 9-томнай «Займальнай філасофіі» (Кракаў, 1669), прысвечанай логіцы, метафізіцы і этыцы, шмат звестак па гісторыі прыродазнаўства і медыцыны. Нягледзячы на ўстарэласць звестак і езуіцкую казуістыку, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў творы Т. былі для езуіцкіх прафесараў адной з гал. крыніц прыродазнаўчых ведаў. З дапамогай лагічных прыёмаў і фармальных доказаў ён абгрунтоўваў і абараняў догматы рэлігіі, існаванне Бога як стваральніка сусвету і бессмяротнасць душы. У поглядах на гісторыю Т. прытрымліваўся правідэнцыялізму, паводле якога ўся дзейнасць людзей — гэта ажыццяўленне раней прадугледжанага «божага плана»; гісторыя і мінулае маюць значэнне толькі таму, што ў іх ёсць божыя прадбачанні сучаснага і будучыні.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971. С. 29—33.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.​К.​Бжастоўскі (гл. ў арт. Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст III). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),

вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл. Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл. Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,

вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.​Б.​Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс. чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.

А.​П.​Грыцкевіч.

Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.​Хондыуса. 1636.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУ́ТА, Смутны час,

тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, ў якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл. Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн. Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.​М.​Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.​В.​Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.​Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.​Мініна і Дз.​Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.​Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г. рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац. дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.

Літ.:

Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;

Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;

Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;

Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;

Яго ж. Смутное время СПб., 2001;

Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;

Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;

Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;

Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;

Смута в Московском государстве. М., 1989;

Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 15, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ (Karl),

імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:

Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.

Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл. Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн. — кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.​Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч. швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.

Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).

Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)