мля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.

2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.

3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паве́яць 1, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.

1. Звеяць, правеяць усё, многае. Павеяць увесь авёс.

2. і без дап. Веяць некаторы час. Павеяць да абеду зерне.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць веяць; падзьмуць (пра вецер і пад.). Пад дзень пасеяў вецер, і сцяг горда калыхаўся над горадам. Якімовіч.

4. безас. чым. Абдаць павевам (цеплыні, паху і інш.). Пачынала цямнець. З лугу павеяла прыемнай свежасцю, але было цёпла і ціха. У паветры адчувалася мяккая парнасць. Дайліда. На водшыбе лугавым Павеяла дымам начлежным. Калачынскі. // перан. Перадавацца, распаўсюджвацца ад чаго‑н. Цішынёй і бязлюддзем павеяла ад гарадка, ахутанага асенняй смугой. Хадкевіч. Цеплынёй і ласкай павеяла ад гэтай простай дзявочай усмешкі. Дамашэвіч. Мы ўваходзім у прасторную залу. І адразу павеяла суровым подыхам першых дзён вайны. В. Вольскі. // Адчуцца (пра набліжэнне чаго‑н.). Павеяла вясной. Над борам праляцелі гусі на бераг родны свой. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.

1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.

2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

•••

Мець на прыкмеце гл. мець.

На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакласці так, каб нельга было знайсці; змясціць у патаемным месцы. На эмтээсаўскі двор прыгналі першы і пакуль што адзіны трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лесе Кастусь Серада. Шахавец. У гэты ж дзень я схадзіў у лес, нарэзаў арэхавых вудзільнаў і схаваў іх за варыўнёй. Ляўданскі. // Прыкрыць што‑н. Адвярнуўшыся, моцна плакала Зіна. Яна схавала твар у хустку, каб не чуваць было рыданняў. Няхай. // перан. Не даць магчымасці каму‑н. заўважыць што‑н.; утаіць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.). Схаваць радасць. Схаваць трывогу. Схаваць хваляванне. □ Употайку горка ён [Мікітка] плакаў, Каб слёзы схаваць ад людзей. Колас. Чаго ж маўчыш, сыночак? Што з табою? Ад маці не схаваеш дум сваіх. Прыходзька.

2. Пакласці, прыбраць куды‑н. для захаванасці. [Данік] узяў залатоўку, схаваў яе ў сумцы, тады ўжо сеў за стол і падсунуў да сябе місу з крупнікам. Брыль. [Арына] схавала ў шафу падарунак і заспяшалася на кухню. Карпаў. Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Колас. // Даць чаму‑н. належнае месца. Дзед .. схаваў зброю за пояс. Лынькоў. — Маўчы, распусніца! — пані схавала ў сумачку люстэрка. Бажко.

3. Зрабіць нябачным, засланіўшы сабой. Дажджлівая заслона схавала ўсе горы. Маўр. Я нам няма ні шляхоў, ні дарог, Асака іх схавала і мох. Астрэйка. У паветры стаяла парнасць, хоць сонца ўжо схавалі хмары. Марціновіч. Хутка паварот дарогі схаваў постаці лыжнікаў ад вачэй настаўнікаў. Шыловіч.

4. Даць прыстанішча таму, хто хаваецца ад праследавання. Іх [разведчыкаў] .. шукалі ды так і не знайшлі толькі таму, што іх схавала старая жанчына. Брыль. Цяжка параненага Зыгмунта сябры схавалі ў маёнтку пані Касцялоўскай. Якімовіч.

5. Прыкрыць, засцерагчы ад чаго‑н. Схаваць ад рэзкага ветру. □ Як хутка дождж прагрымеў! Я не паспеў дабегчы нават — Цябе схаваць пад кроны дрэў, Пад іх аховаю ласкавай. Танк.

•••

Схаваць пад крыло — акружыць увагай, праявіць клопат аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)