НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за ​3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т.л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга Пд Паўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.

А.М.Петрыкаў.

Птушкі Новазеландскай біягеаграфічнай вобласці: 1 — ківі; 2 — такахе; 3 — папугай савіны; 4 — медасос-туй; 5 — гуя (а — самец, б — самка); 6 — зеленагруды пладаедны голуб.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РКТЫКА,

паўднёвая палярная вобласць Зямлі, якая ўключае мацярык Антарктыду і прылеглыя да яго ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў з астравамі. Мяжа Антарктыкі — паўн. размяшчэнне антарктычнага палярнага фронту, які праходзіць паміж 48° і 60° паўд. шыраты. Пл. каля 52,5 млн. км². Мацярык акружае шэльфавая паласа з глыбінямі да 500—600 м. Круты мацерыковы схіл на глыб. каля 3000 м зменьваецца шырокай паласой акіянскіх катлавін: Афрыканска-Антарктычнай, Аўстрала-Антарктычнай, Белінсгаўзена і Паўд.-Антыльскай з глыбінямі 5000—7000 м. Найглыбейшая частка — Паўд.-Сандвічаў жолаб (да 8428 м) з вял. сейсмічнасцю. На Пн ад катлавін Паўд.-Антыльскі і Афрыканска-Антарктычны хрыбты, Аўстрала-Антарктычнае і Паўд.-Ціхаакіянскае ўзвышша з тэктанічнымі разломамі і вулканічнымі масівамі. Антарктыка — найб. суровая вобласць Зямлі з нізкімі т-рамі паветра, снежнымі завірухамі, моцнымі вятрамі і туманамі. Мацярык — вобласць пастаяннага марозу. У субантарктычных раёнах сярэднія т-ры паветра самага цёплага месяца 10 °C, самага халоднага ад 0 да -10 °C. Ападкаў 300 — 500 мм каля ўзбярэжжа Усх. Антарктыды і да 1000 мм за год на паўн.-зах. узбярэжжы Антарктычнага п-ва і субантарктычных астравах. Т-ра антарктычных водаў ад -1,8 да 2 °C зімой і ад -1,2 да 3,5 °C летам. Салёнасць каля 34%о. На паўн. перыферыі Антарктыкі магутнае антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (пераносіць ваду на У), у 60-х шыротах сістэма стацыянарных цыкланічных кругаабаротаў антарктычнага цячэння (пераносіць ваду на З, уздоўж узбярэжжа Антарктыды). Плошча, занятая марскімі льдамі, у канцы зімы 18—19 млн. км², летам 2—3 млн. км². Характэрны сталовыя айсбергі. Арганічны свет антарктычнай сушы вельмі бедны, у акіянах — багаты. На астравах тундравая расліннасць (імхі, лішайнікі, парасонавыя, некаторыя злакі і інш.). Шмат марскіх птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, альбатросы, белы сявец, конік антарктычны і інш. У марской фауне кіты (фінвал, гарбач, сіні кіт, сейвал), ластаногія (марскі слон, марскі леапард, цюлені Уэдэла, Роса, крабаед, маржы), донныя арганізмы (ігласкурыя губкі, імшанкі і інш.). Рыбы сям. нататэніевых, ёсць анчоўсы, камбала і інш.

Міжнародны дагавор 1959 устанаўлівае, што тэр. Антарктыкі — нейтральная і дэмілітарызаваная зона, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах пры поўнай свабодзе навук. даследаванняў.

Літ.:

Трешников А.Ф. Антарктика: исследования, открытия. Л., 1980;

Слевич С.Б. Антарктика в современном мире. М., 1985.

т. 1, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)