камбінато́рны

(ад лац. combinare = звязваць, спалучаць)

1) які адносіцца да камбінаторыкі (напр. к. аналіз);

2) лінгв. пазіцыйны; які залежыць ад пазіцыйнага становішча гукаў і іх артыкуляцыйнага ўзаемадзеяння (гл. алафон).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,

наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.М.Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛА-ГРЭ́ЧАСКАЯ ВАЙНА́ 1940—41,

вайна фаш. Італіі супраць Грэцыі ў пач. 2-й сусв. вайны. 28.10.1940 італьян. войскі (87 тыс. чал., 686 гармат, 163 танкі, 380 самалётаў) уварваліся ў Грэцыю з тэр. Албаніі (акупіравана італьянцамі ў 1939). На грэка-албанскай мяжы ім процістаялі грэч. войскі (27 тыс.

чал., 220 гармат, 20 танкаў, 36 самалётаў), якія ва ўпартых баях да 7.11.1940 спынілі праціўніка. 14 ліст. ўдарная група грэч. войск (12 пях. і 2 кав. дывізіі, 3 пях. брыгады) перайшла ў контрнаступленне і да канца снеж. 1940 вызваліла тэр. Грэцыі і паўд.-ўсх. раёны Албаніі. У студз. 1941 вайна набыла пазіцыйны характар. Новае наступленне італьян. войск (26 дывізій) у сак. 1941 скончылася правалам. Уступленне ў вайну ў крас. 1941 Гсрманіі рэзка змяніла сітуацыю на карысць Італіі. Грэч. армія вымушана была адступіць і 23.4.1941 капітулявала (гл. Балканская кампанія 1941).

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4·10​2 + 7·10​1 + 3·10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.П.Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)